Хроніка перасьледу 11 чэрвеня: чарговы арышт за «пікетаваньне» тату з Пагоняй на назе

Тату з Пагоняй, ілюстрацыйнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

У Менску з прыёмнага пакою лякарні забралі на Акрэсьціна за «пікет» левай лыткай


У Менску ў прыёмным пакоі лякарні № 5 затрымалі мужчыну за «несанкцыянаванае пікетаваньне» без дазволу гарадзкіх уладаў: на ягонай назе было тату «Пагоня», паведамляе «Люстэрка». За гэта яго адправілі на Акрэсьціна на 7 дзён. Пра гэты выпадак стала вядома з банку судовых рашэньняў.

Маладога чалавека затрымалі 22 траўня. Нібыта «пікетаваньне» ён правёў у прыёмным пакоі лякарні. Сам мужчына ў судзе растлумачыў, што ніякіх грамадзка-палітычных мэтаў ня меў, а проста быў адзеты ў майку і шорты, бо яму было горача. Яго судзілі на наступны дзень пасьля затрыманьня.

Як гаворыцца ў матэрыялах справы, малады чалавек нібыта «парушыў парадак правядзеньня пікетаваньня, што выявілася ў правядзеньні ім несанкцыянаванага пікетаваньня, без дазволу Менскага гарвыканкаму, з мэтай публічнага выказваньня сваіх грамадзка-палітычных інтарэсаў, падчас якога дэманстраваў навакольным грамадзянам разьмешчаную на правай лыткавай цягліцы тату ў выглядзе герба „Пагоня“».

«Правядзеньне пікетаваньня ў грамадзкім месцы гораду закранае правы ня толькі яго ўдзельнікаў, але і іншых грамадзян, якія ў масавым мерапрыемстве ня ўдзельнічаюць», — абгрунтаваў сваё рашэньне суд.

Яго прызналі вінаватым у парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП і прысудзілі арышт на 7 дзён.

«Пікетаваньне» тату ня рэдкасьць у Беларусі: у Івацэвічах у канцы верасьня мінулага году судзілі афіцыянта адной зь мясцовых устаноў — зноў жа за Пагоню на назе, яму выпісалі штраф. А ў Полацку на будаўніка данёс сусед — яго адправілі за краты на 25 дзён, бо ён ня толькі «пікетаваў» Пагоняй на левай назе, але і распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 10 чэрвеня: палітвязьня затрымалі па вызваленьні з калёніі

Дзянісу Дзікуну дадалі 2 гады калёніі па новай крымінальнай справе. Ён падаў апэляцыйную скаргу


У судзе Горацкага раёну 25 сакавіка вынесьлі прысуд палітзьняволенаму Дзянісу Дзікуну, паведаміла «Вясна». Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі). Судзьдзя Натальля Фамічова прызначыла яму яшчэ два гады зьняволеная на дадатак да 23 гадоў пазбаўленьня волі. Палітвязень абскардзіў рашэньне суду.

У Магілёўскім абласным судзе 18 чэрвеня адбудзецца разгляд апэляцыйнай скаргі Дзяніса. Рашэньне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам судзьдзі Сяргея Каралёва.