Прэм’ер-міністар Чэхіі Пэтр Фіяла кажа, што за злачынствам можа стаяць Расея. Пра гэта паведамляе выданьне Denik.
26-гадовы падазраваны прыбыў у Чэхію з Паўднёвай Амэрыкі за некалькі дзён да затрыманьня ў суботу. У гэтыя дні ўлады Чэхіі павышалі ўзровень тэрарыстычнай пагрозы ў краіне. Паліцэйскія патрулі ахоўвалі чыгуначныя і аўтобусныя вакзалы і гандлёвыя цэнтры.
У панядзелак сытуацыя абмяркоўвалася на пасяджэньні Дзяржаўнай рады бясьпекі. На прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы прэмʼер-міністар Фіяла заявіў, што падпал мог быць часткай гібрыднай вайны Масквы. «Ёсць падазрэньне, што напад быў арганізаваны і прафінансаваны з Расеі», — цытуе яго iDNES.
Спэцслужбы некаторых краін Захаду заяўляюць, што Расея арганізавала шэраг падпалаў цывільных абʼектаў у Эўропе, каб паўплываць на пастаўкі зброі Ўкраіне. Кампаніяй па падрыве ваеннай падтрымкі Кіева з боку іх саюзьнікаў кіруе вайсковая выведка ГРУ, сьцьвярджаецца ў артыкуле амэрыканскай газэты The New York Times.
У канцы траўня ў Польшчы арыштавалі дзевяць чалавек, у тым ліку дваіх беларусаў, па падазрэньні ў дывэрсіях на заказ расейскіх спэцслужбаў. Масква абвінавачаньні адмаўляе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманым у Польшчы беларускім дывэрсантам пагражае пажыцьцёвы тэрмін. Хто яны? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адбыўся выбух на польскім заводзе, які вырабляе ракеты для комплексаў Javelin