На заводзе зброі Mesko на паўднёвым усходзе Польшчы адбыўся выбух, загінуў супрацоўнік прадпрыемства, яшчэ адзін атрымаў раненьне, паведамляе RMF24 з спасылкай на дырэктара заводу Эльжбету Сьрэняўскую.
Паводле яе, выбух адбыўся ў цэнтры ракетнага паліва, які ўвялі ў эксплюатацыю некалькі гадоў таму.
У гэты час усярэдзіне былі два чалавекі, адзін зь іх — 59-гадовы мужчына — загінуў. Пацярпелага даставілі ў лякарню, яго жыцьцю нічога не пагражае. Пажар патушылі.
Дырэктарка паведаміла, што кіраўніцтва расьсьледуе прычыны здарэньня, для гэтага стварылі спэцыяльную групу.
Завод Mesko вырабляе абаронную прадукцыю ўжо больш за 100 гадоў. Асноўная сфэра дзейнасьці — вытворчасьць зброі для патрэбаў дзяржавы.
«Наша прадукцыя выкарыстоўваецца польскімі Ўзброенымі сіламі і арганізацыямі, якія адказваюць за нацыянальную бясьпеку. Кампанія таксама прызнаны пастаўнік прадукцыі для войскаў NATO. Завод мае сучасныя тэхналёгіі для вытворчасьці ракет і боепрыпасаў», — гаворыцца на сайце кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія СМІ публікуюць новыя дэталі пра затрыманых у Польшчы беларусаў, якія нібыта плянавалі новыя падпалы- Mesko — асноўны падрадчык па вытворчасьці ракет для амэрыканскіх супрацьтанкавых комплексаў Javelin, якія выкарыстоўваюцца ва Ўкраіне. Летась у верасьні дамову на выраб снарадаў для гэтых комплексаў заключылі Polska Grupa Zbrojeniowa і Javelin Joint Venture.
- The New York Times пісала, што выведныя службы ЗША і ЭЗ назіраюць у Эўропе рост колькасьці дывэрсійных апэрацый нізкага ўзроўню, якія зьяўляюцца часткай кампаніі па падрыве падтрымкі ваенных намаганьняў Украіны з боку Расеі.
- У траўні прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск паведаміў пра арышт дзевяці чалавек, якія падазраюцца ў зьдзяйсьненьні дывэрсій на замову расейскіх спэцслужбаў. Паводле ягоных слоў, размова ідзе пра спробу падпалу заводу фарбаў ва Ўроцлаве, дывэрсіі ў Літве і падпал складу IКЕА.