Ва Ўкраіне заявілі аб пацэльваньні па трох ракетных дывізіёнах С-300 у Крыме. У Расеі не камэнтуюць

База СПА і ЗРК, Еўпаторыя, 12-ы зэнітны ракетны полк, які складаецца з двух дывізіёнаў ЗРК С-400. Ілюстрацыйнае фота

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі аб пацэльваньні па расейскіх ракетных дывізіёнах на тэрыторыі акупаванага Крыму: па адным у раёне Джанкою і па двух — каля Чарнаморскага і Еўпаторыі.

«У гэтых раёнах пасьля ўдараў украінскіх ракетнікаў зафіксавалі тэрміновае спыненьне работы радараў комплексаў С-300/С-400. Апроч гэтага, адзначаецца далейшая дэтанацыя ва ўсіх трох раёнах стартавых пазыцый зэнітных ракетных дывізіёнаў Расейскай Фэдэрацыі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ўкраінскага Генштабу.

Паводле ўкраінскага боку, супрацьпаветраныя сродкі Расеі не змаглі перахапіць ніводную з запушчаных ракет.

У Міністэрстве абароны Расеі пра начны ўдар па Крыме нічога не паведамляюць. Сьцьвярджаюць, што супрацьпаветраныя сілы Расеі перахапілі некалькі бесьпілётнікаў над Белгарадзкай і Бранскай вобласьцямі.

Мясцовыя ўлады не паведамляюць аб якіх-небудзь разбурэньнях і пацярпелых.

У апошнія некалькі тыдняў Украіна спрабавала дабіцца ад сваіх партнэраў дазволу на выкарыстаньне перададзенай ёй зброі па расейскіх войсках на тэрыторыі Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Данія, Фінляндыя і Канада дазволілі Ўкраіне ўжываць іх зброю для ўдараў па Расеі. Якія яшчэ краіны зрабілі гэта

Раней 13 краін паведамілі аб магчымасьці выкарыстоўваць іхную зброю для ўдараў па Расеі. Сярод іх — Вялікая Брытанія, Польшча, Швэцыя, Францыя, Канада, Чэхія, Нідэрлянды, Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва, Нарвэгія і Данія.

31 траўня стала вядома, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн таксама негалосна дазволіў Украіне выкарыстоўваць амэрыканскую зброю для ўдараў па вайсковых аб’ектах на тэрыторыі Расеі, але толькі на мяжы з Харкаўскай вобласьцю, дзе расейскія войскі вядуць наступ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн часткова адмяніў забарону на выкарыстаньне Ўкраінай зброі ЗША для нанясеньня ўдараў унутры Расеі


У той жа дзень афіцыйны прадстаўнік ураду Нямеччыны Штэфан Гэбэштрайт заявіў, што Ўкраіна можа выкарыстоўваць перададзеную ёй зброю па расейскіх аб’ектах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Нямеччыны дазволіў Украіне выкарыстоўваць нямецкую зброю па расейскіх аб’ектах