Як піша польскае інфармацыйнае агенцтва PAP, акруговы суд у Варшаве выдаў эўрапейскі ордэр на арышт падазраванага ў шпіянажы Томаша Шмыта, пра гэта паведаміла Нацыянальная пракуратура Польшчы.
Варшаўскі акруговы суд выдаў ордэр у мінулы чацьвер, 6 чэрвеня. За гэта хадайнічаў пракурор Мазавецкага аддзелу па арганізаванай злачыннасьці. Такі ордэр выдаецца судом. Заяўка на выдачу такога загаду прызначана для магчымага арышту падазраванага, напрыклад, пры перасячэньні мяжы з ЭЗ. У сярэдзіне траўня пракуратура Польшчы пачала шукаць былога судзьдзю Томаша Шмыта з ордэрам на арышт.
На мінулым тыдні стала вядома, што былы польскі судзьдзя Томаш Шмыт, які папрасіў прытулку ў Беларусі, ня будзе ўключаны ў сьпіс асоб, якія шукаюцца Інтэрполам з «чырвоным апавяшчэньнем». Рашэньне зьвязалі з тым, што Інтэрпол «не дазваляе перадаваць па сваіх каналах даныя адносна дзеяньняў супраць бясьпекі дзяржавы, якія вызначаюцца як палітычныя злачынствы».
У Варшаве 55-гадоваму Шмыту выставілі абвінавачаньне ў шпіянажы.
Шмыт уцёк у Беларусь 6 траўня і папрасіў у Беларусі палітычнага прытулку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча абвясьціла ў вышук судзьдзю, які ўцёк у Беларусь- Інфармацыя пра тое, што судзьдзя 2-га аддзяленьня Ваяводзкага адміністрацыйнага суду Варшавы Шмыт «пакуль неафіцыйна» папрасіў «статус палітычнага ўцекача» ў Беларусі, зьявілася 6 траўня ў тэлеграм-канале, створаным за тры дні да таго ад яго імя на польскай і расейскай мовах.
- Паводле публікацыі, Шмыт вымушана пакінуў Польшчу «з прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяньнямі ўладаў». Ён нібыта «зазнаў перасьлед і пагрозы за самастойную палітычную пазыцыю».