Цэнтар пакуль трымаецца
Нягледзячы на ўсе загалоўкі пра ўсплёск правых папулістаў, галоўны вынік выбараў у Эўрапейскі парлямэнт у тым, што тры найбуйнейшыя палітычныя групы ў палаце застаюцца нязьменнымі. Пасьля таго, як грамадзяне ЭЗ прагаласавалі ў 27 краінах-сябрах з 6 па 9 чэрвеня, правацэнтрысцкая група Эўрапейскай народнай партыі (ЭНП) заняла першае месца — як яны рабілі гэта на ўсіх эўрапейскіх парлямэнцкіх выбарах з 1999 году, з прагназаванымі 184 дэпутатамі ў 720-мясцовым парлямэнце.
Паводле папярэдніх вынікаў, Прагрэсіўныя альянсы сацыялістаў і дэмакратаў занялі другое месца з прагназаванымі 139 мандатамі. І лібэральна-цэнтрысцкая кааліцыя Renew заняла трэцяе месца з 80 дэпутатамі Эўрапарлямэнту.
Разам гэтыя тры асноўныя партыі маюць, паводле ацэнак, 403 дэпутатаў Эўрапарлямэнту, хоць іх большасьць крыху скарацілася ў параўнаньні з 417 сябрамі ў меншым папярэднім скліканьні з 705 месцамі. Пашырэньне ў гэтым скліканьні на 15 месцаў адбываецца праз падзел некаторых мандатаў, што засталіся пасьля выхаду з ЭЗ Вялікай Брытаніі ў 2020 годзе.
ЭНП — адзіная буйная палітычная група, якая набрала папулярнасьць, астатнія страцілі ў падтрымцы ў параўнаньні з папярэднімі выбарамі ў 2019 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары ў Эўрапарлямэнт: узмацненьне ўльтраправых у Францыі, Аўстрыі, Нямеччыне, апазыцыі ў Вугоршчыне, Туска ў ПольшчыПравыя папулісты набіраюць, але ці перамагаюць?
Правыя папулісты, безумоўна, дасягнулі посьпехаў. Група «Эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў» (ECR), у якую ўваходзяць «Браты Італіі» Джорджы Мэлёні, польская партыя «Права і справядлівасьць» (PiS), «Швэдзкія дэмакраты» і гішпанская Vox цяпер будзе мець 73 месцы.
Яшчэ больш радыкальна правая палітычная група, «Ідэнтычнасьць і дэмакратыя» (ID) францужанкі Марын Лё Пэн і аўстрыйская «Партыя свабоды» (FPO), таксама вырасла б, калі б ня ўнутраны канфлікт. Раней з групы выгналі «Альтэрнатыву для Нямеччыны» (AFD) пасьля таго, як прадстаўнік гэтай ультраправай нямецкай партыі прыменшыў ролю СС у нацысцкі пэрыяд.
У асобных краінах папулісты атрымалі асабліва добрыя вынікі. Партыя Лё Пэн «Нацыянальнае аб’яднаньне» перамагла ў Францыі, апярэдзіўшы кааліцыю цэнтрысцкіх/лібэральных партый прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона больш чым на 15%. FPO таксама наперадзе на выбарах у Аўстрыі.
Тым ня менш разам ECR і ID будуць мець каля 130 парлямэнтароў, што прыкладна роўна столькі, колькі яны мелі ў 2019 годзе. Заўсёды існуе імавернасьць таго, што дзьве групы змогуць аб’яднацца, утварыўшы асабліва буйную папулісцкую правую групу, якая патэнцыйна стане другой па ліку найбуйнейшых у палаце. Гэта нават можа даць ім балы на некалькі важных пасад старшыняў камітэтаў і дакладчыкаў. Аднак на гэты конт гадамі вядуцца кулюарныя і адкрытыя размовы, але дагэтуль нічога з гэтага ня выйшла.
Як бачна пасьля выключэньня AFD з групы ID, супрацоўніцтва не заўсёды лёгкае. Партыі, якія складаюць папулісцкія правыя, безумоўна, згодныя з тым, што ў Брусэля занадта шмат улады, але на гэтым падабенства заканчваецца. Напрыклад, ECR мае тэндэнцыю быць вельмі рэзкімі ў дачыненьні Расеі, у першую чаргу на чале з польскім PіS, але таксама Мэлёні паварочваецца да цэнтру, што прыводзіць да здагадак, што яна хоча далучыцца да ЭНП.
Зь іншага боку, група ID адкрыта прарасейская і ня схільная да кампрамісу ў Эўрапарлямэнце. ECR даволі часта будзе галасаваць разам з асноўнымі групамі, асабліва ў пытаньнях замежнай палітыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкага дэпутата, які ў Менску сустракаўся з Макеем, падазраюць у хабарніцтве і адмываньні грошайВялікі Невядомы
Уайлдкард — гэта амаль 100 незалежных дэпутатаў у новым Эўрапейскім парлямэнце. Яны не належаць да канкрэтнай палітычнай групы, прынамсі пакуль. Фактычна, з пункту гледжаньня выйгрышу на выбарах, незалежныя дэпутаты Эўрапарлямэнту вырасьлі найбольш: яны атрымалі яшчэ 36 мандатаў і зоймуць у палаце 98 месцаў. Многія з гэтых незалежных дэпутатаў хацелі бы далучэньня да нейкай групы, бо гэта значна павялічвае іх уплыў.
Пытаньне ў тым, якія групы гэтага жадаюць. Акрамя таго, каб сфармаваць афіцыйную парлямэнцкую групу ў Эўрапейскім парлямэнце, неабходна як мінімум 23 эўрадэпутаты як мінімум зь сямі краін.
Дэпутаты павінны да 16 ліпеня ўзгадніць склад палітычных групаў, калі новы Эўрапарлямэнт зьбярэцца на сваю інаўгурацыйную заканадаўчую сэсію ў Страсбургу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз зацьвердзіў рэфармаваны Шэнгенскі кодэкс аб межах. Колькасьць КПП і час іх працы могуць скараціцьЗа межамі Брусэлю
Ноч Эманюэля Макрона была нядобрай. Перамога Лё Пэн на выбарах ужо прымусіла яго склікаць пазачарговыя парлямэнцкія выбары, першы тур якіх павінен адбыцца ў канцы чэрвеня. Ультраправыя перамаглі ва ўсіх рэгіёнах краіны.
Аднак ёсьць пэўныя «зьмякчальныя» чыньнікі. Па-першае, гэта наўрад ці зьяўляецца нечаканасьцю. Апытаньні на працягу некалькіх месяцаў прадказвалі такі вынік. Нярэдкія выпадкі, калі выбары ў Эўрапарлямэнт, на якіх назіраецца меншая яўка, чым на нацыянальных, выкарыстоўваюцца для «пакараньня» тых, хто знаходзіцца ва ўладзе. Макрон знаходзіцца на чале краіны з 2017 году, таму пэўная стомленасьць насельніцтва зразумелая.
Пад ціскам знаходзіцца і канцлер Нямеччыны Оляф Шольц. Асноўная апазыцыйная партыя, Хрысьціянска-дэмакратычны зьвяз Нямеччыны/Хрысьціянска-сацыяльны зьвяз у Баварыі, набрала 31% галасоў, а гэта ўдвая больш, чым Сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны (СДПГ) Шольца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон распусьціў парлямэнт Францыі і абвясьціў датэрміновыя выбарыЯкі ўплыў будзе мець новы Эўрапарлямэнт?
Цалкам верагодна, што нахіл управа паўплывае на некаторыя сфэры палітыкі ў будучыні. Напрыклад, Эўрапарлямэнт можа стаць менш амбітным у экалягічных пытаньнях і больш жорсткім у пытаньнях міграцыі.
Варта мець на ўвазе, што Эўрапейскі парлямэнт адрозьніваецца ад нацыянальных тым, што дэпутаты Эўрапарлямэнту самі не прапаноўваюць законаў. У ЭЗ менавіта выканаўчая ўлада, Эўрапейская камісія, мае права ініцыятывы і пачынае першапачатковую распрацоўку магчымага новага закону. Эўрапейская рада, якая складаецца з кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў ЭЗ, таксама займаецца ўнясеньнем зьмяненьняў у прапанаваныя законы.
З пункту гледжаньня заканатворчасьці, Эўрапейскі парлямэнт зьяўляецца самым слабым з гэтых трох інстытутаў, рэдка атрымліваючы шмат з таго, што хоча. Гандаль наконт законаў паміж парлямэнтам, камісіяй і радай у так званых трыялёгах можа заняць месяцы ці нават гады, перш чым што-небудзь будзе ўзгоднена і стане законам.
У замежнай палітыцы не чакаецца, што новаабраны парлямэнт істотна зьменіцца. Падтрымка Ўкраіны і далейшага пашырэньня ЭЗ па-ранейшаму застануцца пазыцыямі большасьці. І хоць ёсьць дэпутаты Эўрапарлямэнту, якія займаюць пракрамлёўскія пазыцыі, яны, хутчэй за ўсё, будуць выкарыстоўваць ЭП у якасьці пляцоўкі для паўтарэньня крамлёўскіх размоў, а не для значнай заканадаўчай працы.
Акрамя таго, Эўрапарлямэнт не дыктуе замежнай палітыкі ЭЗ. Гэта эксклюзыўныя правы дзяржаў –сябраоў ЭЗ. Такім чынам, хаця дэпутаты разглядаюць і пішуць шмат спавешчаньняў і рэзалюцый у замежнай палітыцы, усе яны не зьяўляюцца абавязковымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісія падтрымала пачатак перамоў аб уступленьні Ўкраіны і Малдовы ў ЭўразьвязШто адбываецца цяпер?
Адна зь пераможцаў — прэзыдэнт Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен. Чакаецца, што яна атрымае яшчэ 5 гадоў на чале выканаўчага органу. Фон дэр Ляен па-ранейшаму мае патрэбу ў лідэрах 27 краін – сяброў ЭЗ і простай большасьці ў Эўрапейскім парлямэнце, каб атрымаць падтрымку на сваё вылучэньне.
Кіраўнікі краін-удзельніц зьбяруцца ў Брусэлі 17 чэрвеня, каб абмеркаваць тры галоўныя пасады: прэзыдэнта Эўрапейскай камісіі, прэзыдэнта Эўрапейскай рады і вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ у замежнай палітыцы. Затым яны зноў сустрэнуцца ў Брусэлі 27-28 чэрвеня, каб канчаткова вызначыцца з кандыдатамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Посьпех правых на эўрапейскіх выбарах. Ці варта гэтага асьцерагацца? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца Эўракамісіі заклікала падрыхтаваць ЭЗ да магчымай вайны і інвэставаць у абарону