У МЗС Беларусі назвалі «палітычнымі амбіцыямі» рашэньне Францыі не запрашаць дэлегацыю Беларусі на гадавіну высадкі ў Нармандыі

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон на сьвяткаваньні 80-годзьдзя высадкі ў Нармандыі

У Францыі адбыліся сьвяткаваньні з нагоды 80-годзьдзя высадкі саюзьнікаў у Нармандыі. Але Беларусь туды не запрашалі.

Часовы павераны ў справах Беларусі ў Францыі Кірыл Грушэўскі ў этэры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ заявіў, што пасольства Беларусі ня толькі не атрымала запрашэньня, але сярод францускіх чыноўнікаў ніхто «не спрабаваў зьвязацца».

Таксама Грушэўскі заявіў, што ў Элізэйскім палацы вагаліся, і ўсё ж дзеля «сваіх палітычных амбіцыі» не запрасілі беларускую дэлегацыю.

«Гэтае рашэньне мы разглядаем як неканструктыўны і памылковы крок з боку Францыі, гэтае рашэньне зьяўляецца чарговым пацьверджаньнем недружалюбнай палітыкі Парыжа ў дачыненьні нашай дзяржавы», — сказаў часовы павераны.

Акрамя дэлегацыі Беларусі на 80-годзьдзе высадкі ў Нармандыі саюзьнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі, на сьвяточную цырымонію не запрасілі і дэлегацыю Расеі. Гэта зьвязана з поўнамаштабнай вайной, якую Расея пры дапамозе Лукашэнкі пачала супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нармандыі ўспамінаюць «Дзень Д». Без прадстаўнікоў Расеі і Беларусі. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторыя як зброя прапаганды. Алесь Пашкевіч пра тое, чаму Пуціна не запрасілі ў Нармандыю