У Ерэване прыхільнікі руху «Тавуш у імя Радзімы» разьбілі намёты перад будынкам парлямэнту і правялі там ноч, перадае Радыё Азатут’юн.
У ноч на 10 чэрвеня ўдзельнікі шэсьця на чале з архіяпіскапам Багратам Галстаньянам акружылі будынак парлямэнту. Там адбываліся лякальныя сутычкі паміж мітынгоўцамі і паліцыянтамі, якія ачапілі выхады.
Пазьней частка ўдзельнікаў акцыі адправілася да ўрадавых дачаў на вуліцы Прашана, дзе іх таксама сустрэлі атрады сілавікоў. Пад раніцу абедзьве групы аб’ядналіся перад будынкам парлямэнту. Цяпер скрыжаваньне перад будынкам парлямэнта перакрытае мітынгоўцамі, там паставілі намёты.
Мітынг арганізаваў рух «Тавуш у імя Радзімы». Кіраўнік абʼяднаньня і кіраўнік Тавускай япархіі Армянскай апостальскай царквы архіяпіскап Баграт Галстаньян заклікаў грамадзян пачаць у панядзелак, 10 чэрвеня, акцыю непадпарадкаваньня і мітынгаваць на працягу 96 гадзін, каб «навязаць сваю волю» ўладам.
«Мы павінны разам прыняць рашэньне, мы зможам вырашыць праблему, калі будзем знаходзіцца на вуліцы чатыры дні, 96 гадзін безь перапынку, бяз сну, не выходзячы на працу», — заклікаў Баграт.
Ён зьвярнуўся да фракцый Нацыянальнага сходу з патрабаваньнем ініцыяваць 11 чэрвеня сустрэчу, на парадку дня якой будзе адстаўка ўраду на чале зь Ніколам Пашыньянам і фармаваньне новага кабінэту.
Нагодай для мітынгаў у Армэніі сталі тэрытарыяльныя саступкі Азэрбайджану, якому Армэнія паабяцала перадаць некалькі прымежных сёлаў. Бакі падпісалі дакумэнты аб дэлімітацыі ў канцы красавіка. Працэдура вызначэньня становішча межаў павінна была пачацца ў чатырох сёлах у Тавускім рэгіёне.
Па словах навуковага супрацоўніка Інстытута прыкладной палітыкі Армэніі Сяргея Мэлканьяна, гаворка ідзе пра сёлы, дзе праз сутыкненьні на армяна-азэрбайджанскай мяжы ніхто не жыве з 1980-х гадоў. Яны знаходзяцца ў нэўтральнай зоне паміж пазыцыямі войскаў дзьвюх краін. Пратэстантаў раздражняе пазыцыя Нікола Пашыньяна і ягонага ўраду, які пад ціскам Азэрбайджану і баючыся новай вайны ідзе на тэрытарыяльныя саступкі ў аднабаковым парадку.