Расейскія ўлады вэрбуюць замежных студэнтаў, у тым ліку з краін Афрыкі, для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Гэта сьцьвярджаецца ў артыкуле агенцтва Bloomberg са спасылкай на афіцыйных асоб эўрапейскіх краін. Імёны крыніц не называюцца. Паводле іх, былі завэрбаваныя «тысячы» студэнтаў і мігрантаў з трэціх краін.
Як сьцьвярджаецца ў артыкуле, расейскія ўлады пагражаюць студэнтам, што не падоўжаць ім візы, калі тыя не пагодзяцца падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны. Тое ж тычыцца і афрыканцаў, якія маюць працоўныя візы.
Як сьцьвярджаюць крыніцы выданьня, у выніку маладым замежнікам даводзіцца рабіць выбар паміж вымушаным адʼездам з Расеі і фармальна добраахвотным уступленьнем у войска. У некаторых, аднак, атрымоўваецца падкупіць чыноўнікаў і застацца ў Расеі, не адпраўляючыся ў войска, сьцьвярджаюць суразмоўцы Bloomberg.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У складзе экіпажу зьбітага ў студзені каля Белгарада Іл-76 быў беларус. Што пра яго вядома