Байдэн і Макрон падтрымалі ідэю перадачы расейскіх актываў Украіне

Прэзыдэнты ЗША і Францыі Джо Байдэн і Эманюэль Макрон

Прэзыдэнты ЗША і Францыі Джо Байдэн і Эманюэль Макрон падтрымалі выкарыстаньне прыбытку ад замарожаных расейскіх актываў для дапамогі Ўкраіне.

Адпаведную сумесную заяву па выніках сустрэчы лідэраў дзьвюх краін у Парыжы апублікавалі на сайце Белага дому.

«Прэзыдэнты абавязваюцца падтрымаць намаганьні Эўрапейскага зьвязу і „Групы сямі“ па атрыманьні непрадбачанага прыбытку ад замарожаных расейскіх сувэрэнных актываў на карысьць Украіны ў адпаведнасьці зь міжнародным правам», — гаворыцца ў заяве.

Байдэн і Макрон таксама абмеркавалі іншыя варыянты падтрымкі Ўкраіны. У прыватнасьці, ЗША і Францыя маюць намер дапамагчы Кіеву пераадолець гуманітарныя наступствы баявых дзеяньняў, а таксама зьмякчыць іх уплыў на глябальную харчовую стабільнасьць, энэргетыку, навакольнае асяродзьдзе і ядзерную бясьпеку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн выбачыўся перад Зяленскім за затрымку дапамогі і абвясьціў пра новы пакет падтрымкі

Лідэры дзьвюх краін згадалі ў заяве пастаўкі ўзбраеньня з Ірану і КНДР у Расею, а таксама адзначылі, што Масква закупляе кітайскія «матэрыялы і кампанэнты падвойнага прызначэньня для ваеннай вытворчасьці».

Пасьля пачатку баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны краіны Эўрасаюзу і G7 замарозілі каля 280 мільярдаў даляраў актываў Банку Расеі.

У «Групе сямі» на сустрэчы ў канцы траўня дамовіцца аб схеме перадачы сродкаў Украіне не ўдалося — міністры фінансаў краін G7 прызнаюць, што прававая база для гэтага пакуль не сфармаваная. Акрамя таго, перадача прыбытку з актываў можа несьці рызыкі для сусьветнай фінансавай сыстэмы.

Брытанская газэта Financial Times таксама пісала, што ініцыятыву ЭЗ аб перадачы сродкаў Кіеву блякуе Вугоршчына. Прэмʼер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан заявіў, што ЗША даюць Украіне крэдыт на 40 мільярдаў долараў, а гарантам яго вяртаньня робяць Эўропу.