Паўднёвая Карэя ўсталюе галосьнікі на мяжы з Паўночнай у адказ на паветраныя шары са сьмецьцем

Паўднёвакарэйскія вайскоўцы прыбіраюць сьмецьце, якое прыляцела з Паўночнай Карэі

Сэул рыхтуе супраць Пхэньяну адплату за паветраныя шары са сьмецьцем.

Кіраўніцтва Паўднёвай Карэі заявіла, што адновіць прапагандысцкую трансьляцыю ў памежных раёнах супраць рэжыму Паўночнай Карэі ў адказ на працяг правакацый па скідваньні сьмецьця на поўдзень паветранымі шарамі.

Пасьля экстраннай нарады па бясьпецы пад кіраўніцтвам дырэктара ў нацыянальнай бясьпецы Паўднёвай Карэі Чан Хо Джына чыноўнікі вырашылі ўсталяваць і пачаць трансьляцыю праз галосьнікі ў прымежных раёнах, гаворыцца ў заяве прэзыдэнцкага кабінэту, якую цытуе АР.

Чанг і іншыя прадстаўнікі службы бясьпекі Паўднёвай Карэі папракнулі Пхэньян за спробу выклікаць «неспакой і разлад» у Паўднёвай Карэі і падкрэсьлілі, што Паўночная Карэя будзе несьці «выключную адказнасьць» за любую будучую эскаляцыю напружанасьці паміж карэйскімі дзяржавамі.

У мінулыя выходныя Паўночная Карэя адправіла ў Паўднёвую сотні паветраных шароў са сьмецьцем. Гэта трэцяя правакацыя з канца траўня, паведамілі вайскоўцы Паўднёвай Карэі. Правакацыя адбылася ўсяго празь некалькі дзён пасьля таго, як паўднёвакарэйскія актывісты запусьцілі ўласныя паветраныя шары, каб раскідаць прапагандысцкія ўлёткі на Поўначы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горш толькі ў КНДР, Эрытрэі і Нікарагуа. Беларусь апынулася ў канцы рэйтынгу краін па ўзроўні свабоды слова

Паўночная Карэя да гэтага часу накіравала больш за 1000 паветраных шароў, каб скідаць тоны сьмецьця і гною на поўдзень у якасьці адплаты за паўднёвакарэйскія грамадзянскія кампаніі па распаўсюдзе ўлётак, узмацняючы напружанасьць паміж падзеленымі вайной супернікамі. Акрамя таго, захоўваецца дыпляматычны тупік з-за ядзерных амбіцый Поўначы.

Аднаўленьне практыкі галосьнікаў у Паўднёвай Карэі адбылося тады, калі краіна прыпыніла дзеяньне пагадненьня аб паслабленьні напружанасьці з Паўночнай Карэяй у 2018 годзе. Гэты крок дазволіў Поўдню аднавіць прапагандысцкія кампаніі і, магчыма, аднавіць вайсковыя вучэньні з баявой стральбой у памежных раёнах.

Аб’яднаны камітэт начальнікаў штабоў войска Паўднёвай Карэі заявіў, што Паўночная Карэя запусьціла каля 330 паветраных шароў у бок поўдня, і каля 80 былі знойдзены на тэрыторыі Паўднёвай Карэі па стане на нядзелю раніцай.

Вайскоўцы Поўдня заявілі, што паветраныя шары скінулі на краіну сьмецьце, у тым ліку плястык і папяровыя адкіды, але ніякіх небясьпечных рэчываў выяўлена не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя дэталі візыту ў КНДР намесьніка кіраўніка МЗС Беларусі