У Парыжы затрымалі трох грамадзян Малдовы, якіх падазраюць у тым, што яны намалявалі графіці з выявай трунаў і надпісам «Францускія салдаты ва Украіне». Аб гэтым паведамляе француская газэта Le Figaro са спасылкай на пракуратуру.
Графіці былі выяўленыя ў сёмай акрузе Парыжа, дзе знаходзіцца Эйфэлева вежа. Паводле інфармацыі BFMTV, на тыя ж сьцены, дзе былі нанесеныя малюнкі, былі нанесены кірылічныя надпісы. Невядома, колькі ўсяго графіці было зроблена, і ці зьвязаныя затрыманыя зь людзьмі, якія паставілі труны, загорнутыя ў францускі сьцяг, каля Эйфэлевай вежы ў мінулую суботу.
Пракуратура Парыжа ўзбудзіла крымінальную справу па артыкулах «псаваньне маёмасьці групай асоб», «псаваньне маёмасьці групай асоб у грамадзкім месцы» і «падрыхтоўка злачынства групай асоб». Як піша BFMTV, падазроныя таксама правяраюцца па справе аб магчымым замежным умяшаньні.
Раніцай першага чэрвеня каля Эйфэлевай вежы ўстанавілі пяць трунаў, залітых гіпсам і загорнутых у сьцяг Францыі, з надпісам «Францускія салдаты Украіны». У той самы дзень у Парыжы затрымалі траіх мужчын. Адзін зь іх — кіроўца грузавіка, на якім перавозілі труны, яшчэ двое нібыта павінны былі ўсталяваць іх каля Эйфэлевай вежы. Па словах вадзіцеля, яму заплацілі за перавозку людзей і трунаў, а сам ён прыехаў з Баўгарыі. Двое іншых затрыманых — украінец і немец. Яны заявілі, што атрымалі 400 эўра за дастаўку трунаў. Па дадзеных Le Monde, пакуль невядома, хто быў арганізатарам акцыі, аднак паліцыя расьсьледуе магчымы расейскі сьлед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія жаўнеры зрабілі сёлета 1 190 папераджальных стрэлаў на мяжы зь Беларусьсю