Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) вызваліла з палону чатырох закладнікаў, якіх баевікі ХАМАС узялі ў палон 7 кастрычніка 2023 году падчас нападу на музычны фэстываль Nova, які праходзіў у кібуцы Рэйм непадалёк ад сэктара Газа, паведамляе прэс-служба ЦАХАЛ.
Паводле інфармацыі ізраільскага войска, закладнікаў удалося выратаваць падчас апэрацыі ў лягеры ўцекачоў Нусэйрат у сэктары Газа.
Вызваленыя 25-гадовая Ноа Аргамані, 21-гадовы Альмаг Мэір-Ян, 40-гадовы Шломі Зіў і 27-гадовы Андрэй Казлоў, у якога ёсьць ізраільскае і расейскае грамадзянства.
Стан усіх чацьвярых здавальняючы, іх даставілі ў бальніцу для далейшага мэдыцынскага абсьледаваньня.
Паведамляецца, што ізраільскія вайскоўцы адначасова зьдзейсьнілі два рэйды на абʼекты ХАМАС у Нусэйраце і ў ходзе апэрацыі ў гэтым раёне нанесьлі авіяўдары па абʼектах групоўкі. Падкадкантрольнае ХАМАС міністэрства аховы здароўя сэктару Газа заявіла пра вялікую колькасьць ахвяраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Ізраіля адрэгаваў на плян Байдэна аб замірэньні ў Газе- 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Агулам ХАМАС захапіў у палон больш за 240 чалавек і забіў каля 1200. За час паўзы ў баявых дзеяньнях былі з палону вярнулі 110 чалавек, яшчэ каля 120 застаюцца ў закладніках. Некаторыя зь іх былі завочна абвешчаныя памерлымі ізраільскімі ўладамі. Як сьцьвярджае падкантрольнае ХАМАС міністэрства аховы здароўя Газы, з палестынскага боку загінулі больш за 36 тысяч чалавек – незалежна гэтыя зьвесткі пацьвердзіць немагчыма.