Апублікаваны трэйлер фільму «Пад шэрым небам», прэм’ера якога адбудзецца сёньня ў Нью-Ёрку на кінафэстывалі Tribeca

Мара Тамковіч

7 чэрвеня а 21-й гадзіне на нью-ёрскім фэстывалі Tribeca ў кінатэатры Village East by Angelika пройдзе прэм’ера карціны «Пад шэрым небам», створанай беларуска-польскай рэжысэркай Марай Тамковіч, паведамляе reform.news.

Трэйлер поўнамэтражнага ігравога фільму, які быў натхнёны постацямі і гісторыяй беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, ужо можна паглядзець у сеціве.

Фільм «Пад шэрым небам» быў адабраны ў конкурс «Найлепшы замежны ігравы фільм» амэрыканскага фэстывалю, заснаванага Робэртам Дэ Ніра, Джэйн Розэнталь і Крэйгам Хаткофам, з сотні прэтэндэнтаў з усяго сьвету. Зь ім у сэкцыі будуць спаборнічаць сем стужак рэжысэраў з Харватыі, Швэцыі, Бразыліі, Сынгапуру, Нямеччыны ды іншых краін.

У галоўных ролях у карціне здымаліся Аляксандра Вайцяховіч, Валянцін Навапольскі, Паліна Чабатарова. Андрэй Новікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацела б зьняць сэрыял аб прыходзе Лукашэнкі да ўлады». Вялікая размова з Марай Тамковіч

Як падкрэсьлівае Мара Тамковіч, для яе стужка стала спробай зразумець, што адбываецца зь Беларусьсю, беларусамі пасьля 2020 году.

На сайце фэстывалю фільм прадстаўлены наступным чынам:

«Калі антырэжымную журналістку Лену арыштоўваюць за прамую трансьляцыю жорсткага разгону дэманстрацыі пратэсту супраць беларускіх выбараў 2020 году, яе муж Ільля сутыкаецца зь немагчымай сытуацыяй. Падвяргаючыся далейшым міліцэйскім рэйдам і сутыкаючыся з магчымай рэальнасьцю, што яго жонка правядзе гады ў турме, Ільля павінен лічыцца з тым, ад чаго яму, магчыма, давядзецца адмовіцца, застаўшыся зь Ленай. У той жа час на зьняволеную Лену ціснуць улады, каб яна адмовілася ад сваёй актыўнасьці і здрадзіла сваім прынцыпам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм беларускі Мары Тамковіч трапіў у праграму нью-ёрскага фэстывалю, заснаванага Робэртам Дэ Ніра