У канцы красавіка Літва ўхваліла рашэньне аб забароне ўвозу сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў з Расеі і Беларусі. Забарона ўступіла ў сілу 3 чэрвеня, тады ж людзям, якія ехалі зь Беларусі ў Літву, пачалі забараняць увозіць любыя прадукты.
Праз час забарону зьмякчылі, дазволіўшы правозіць харчы ў раскрытых упакоўках.
7 чэрвеня на крызіс адрэагаваў МЗС Беларусі, у МЗС выклікалі часовых павераных у справах Літвы і прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску.
Як паведаміў МЗС Беларусі, гэтыя дзеяньні ў размове з дыпляматамі назвалі «самавольствам» і «бясспрэчным фактам парушэньня фундамэнтальных правоў чалавека», «перанацэльваньнем дзеяньня санкцый на простых грамадзян Беларусі, а таксама жыхароў самой Літвы, якія карыстаюцца магчымасьцю бязьвізавага ўезду ў Беларусь».
Менск заклікаў Вільню адмовіцца ад такой практыкі, каб людзі маглі рухацца празь мяжу ў нармальных умовах:
«Грамадзяне, якія суткамі знаходзяцца ў чэргах, штучна створаных літоўскім бокам, маюць законнае права правозіць прадукты харчаваньня і лекавыя сродкі для асабістага карыстаньня».
25 красавіка Сейм Літвы прыняў закон аб забароне ўвозу сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў з Расеі і Беларусі. Гэтая мера накіраваная на тое, каб абмежаваць магчымасьці Расеі і Беларусі зарабляць на экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў, зьнізіць патэнцыйныя даходы і эканамічную здольнасьць Расеі фінансаваць агрэсію супраць Украіны, паведаміла раней мытня Літвы.
Зацьверджаны ўрадам Літвы сьпіс забароненых прадуктаў уступіў у сілу 3 чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія прадукты больш нельга ўвозіць у Літву зь Беларусі. Разьбіраемся ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва зьмякчыла забарону на правоз прадуктаў зь Беларусі