Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў часе свайго ўдзелу ў цырымоніі з нагоды 80-й гадавіны высадкі войскаў саюзьнікаў у Нармандыі падзякаваў амэрыканскаму вэтэрану Другой усясьветнай вайны Мэлвіну Гурвіцу за выратаваньне Эўропы ад фашызму.
Як паведаміла выданьне nytimes.com, эмацыйная размова амэрыканскага вэтэрана і ўкраінскага прэзыдэнта трансьлявалася на вялікіх экранах пад воплескі тысяч людзей, якія сабраліся на пляцы Амаха ў Нармандыі (Францыя) 6 чэрвеня, каб адзначыць 80-ю гадавіну падзеі ў часе Другой усясьветнай вайны.
Калі кіраўнікі замежных дэлегацый віталі вэтэранаў Другой усясьветнай вайны, Мэлвіну Гурвіцу спачатку паціснуў руку прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо. Ён жа прадставіў амэрыканскаму вэтэрану прэзыдэнта Ўкраіны.
Калі Зяленскі працягнуў руку для вітаньня, Мэлвін Гурвіц паспрабаваў яе пацалаваць. Прэзыдэнт Украіны не дазволіў гэта зрабіць і эмацыйна выгукнуў: «Не-не-не!», прысеў на калені перад вэтэранам і абняў яго.
«Вы выратавалі народ», — сказаў 99-гадовы Мэлвін Гурвіц Зяленскаму, а той яму адказаў: «Не-не-не, гэта вы выратавалі Эўропу. Вы наш герой».
Асобу Мэлвіна Гурвіца пацьвердзіла ягоная стрыечная пляменьніца Сара Гурвіц Робі. Яна паведаміла, што яе дзядзька прысутнічаў на цырымоніі ад імя Best Defence Foundation — некамэрцыйнай арганізацыі, якая арганізоўвае сустрэчы для вэтэранаў Другой усясьветнай вайны. Паводле арганізацыі, Мэлвін Гурвіц быў прызваны ў 8-ю ваенна-паветраную армію ЗША і служыў у якасьці радыста на В-17, масіўным бамбавіку, вядомым як Лятучая крэпасьць.
Пазьней Шымон Брыман — ізраільскі журналіст, які паходзіць з Харкава (Украіна), на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў, што Мэлвін Гурвіц зьяўляецца сынам габрэяў Барыса (Біньяміна) Гурвіца і Раі (Рахель) Пушкінай, якія пасьля рэвалюцыі 1917 году ўцяклі зь Віцебску ў ЗША.
«У Балтыморы ў 1920–1926 гадах у іх нарадзіліся чатыры сыны. Адзін зь іх — Мэлвін Гурвіц, 1925 году нараджэньня, вырас і паступіў у каледж, але ў 1943-м яго прызвалі ў армію, прайшоў падрыхтоўку ў навучальных цэнтрах армейскай авіяцыі і з 1944 году ваяваў стралком-радыстам на B-17 „Лятучая крэпасьць“», — напісаў ён.
Паводле Шымона Брымана, бамбавік Мэлвіна Гурвіца B-17 меў жартоўную мянушку «Дэзарганізаваная блытаніна» і ажыцьцявіў чатыры баявыя вылеты. Зімой і вясной 1945 году самалёт Гурвіца дастаўляў харч жыхарам Галяндыі, якія галадалі, і вяртаў з Аўстрыі францускіх палонных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нармандыі ўспамінаюць «Дзень Д». Без прадстаўнікоў Расеі і Беларусі. ФОТА
«Па вяртаньні ў ЗША экіпаж пачаў трэніроўкі на B-29 для падрыхтоўкі да вайны ў Японіі, але ў чаканьні адпраўкі на Ціхі акіян вайна закончылася. Мэлвін Гурвіц шчасьліва стварыў сям’ю, якая і цяпер атачае яго любоўю. У сакавіку 2024 году ён адзначыў 99-ы дзень нараджэньня палётам на баявым самалёце часоў свайго юнацтва», — расказаў Шымон Брыман.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторыя як зброя прапаганды. Алесь Пашкевіч пра тое, чаму Пуціна не запрасілі ў Нармандыю