Хроніка перасьледу 7 чэрвеня: за ўдзел у пратэстах у Менску асудзілі цэлую сям’ю; затрымалі назіральніцу на выбарах

Суд у Менску, архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

У судзе Савецкага раёну Менска 17 траўня за ўдзел у трох акцыях пратэсту паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу асудзілі адразу трох чалавек: Алену Нядбальскую, Паўла і Ўладзімера Джажораў. Аднаму з братоў выставілі абвінавачваньне яшчэ па адным эпізодзе — ён быў пад вартай да суду. Судзьдзя Вольга Емяльянчанка прызначыла ўсім па 3 гады «хатняй хіміі».

На працэсе ўсе трое прызналі віну.

З матэрыялаў справы вядома, што іх ідэнтыфікавалі па відэазапісах і фатаздымках з праезнай часткі на акцыях пратэсту. Вядома, што адразу затрымалі аднаго з братоў і зьмясьцілі ў ІЧУ на Акрэсьціна. Пасьля гэтага сілавікі зацікавіліся ягоным братам.

Алена Нядбальская і адзін з братоў Джажораў былі да суду пад закладам у памеры 12 тысяч рублёў. Вядома, што ў жанчыны на ўтрыманьні ёсьць малалетнія дзеці.

Брата, які ўтрымліваўся пад вартай да суду, пасьля абвяшчэньня прысуду вызвалілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 чэрвеня: за абразу Лукашэнкі асудзілі пэнсіянэрку зь Ліды і палітвязьня з Воршы

Затрымалі назіральніцу на выбарах 2020 году

У Бярозаўцы Лідзкага раёна затрымалі назіральніцу за выбарамі 2020-га году Гражыну Гетка, паведамляе «Вясна».

Гэта адбылося 5 чэрвеня, гэта ўжо другое затрыманьне жанчыны за гэты год – напрыканцы зімы ёй прызначылі 25 сутак арышту.