Падтрымку рэпрэсаваных і палітвязьняў празь міжнародны гуманітарны фонд, незалежных мэдыя і грамадзянскай супольнасьці, беларускай культуры абмеркавала дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская зь віцэ-прэм’ерам – міністрам замежных спраў Люксэмбургу Ксавіе Бэтэлем, піша «Позірк».
Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага палітыка, сустрэча адбылася 6 чэрвеня перад пачаткам форуму «Люксэмбурскія рашэньні».
Акрамя Ціханоўскай, у ёй узялі ўдзел намесьнік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінэта, прадстаўнік у замежных справах Валер Кавалеўскі і кіраўнік місіі дэмакратычных сіл у Бруселі Ўладзімер Астапенка.
Сярод іншага бакі абмеркавалі выкананьне рэкамэндацый Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў спрашчэньні візавага рэжыму і працэдур легалізацыі для беларусаў на ўзроўні ЭЗ, падрыхтоўку да саміту міру па Ўкраіне (15-16 чэрвеня, Швайцарыя), саміту NATO (9-11 ліпеня, ЗША) і Генасамблеі ААН.
Прэс-служба Ціханоўскай паведаміла, што Люксэмбург «далучыўся да групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЭ, падтрымаў ініцыятывы грамадзянскай супольнасьці і незалежныя мэдыя, а таксама кантактную групу ў Радзе Эўропы, далучыўся да эўрапейскіх санкцый». Акрамя таго, у парлямэнце гэтай краіны створана «група сяброў дэмакратычнай Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я агучваю не даведнік пакутаў, а сутнасьць сучаснага Менску», — пісьменьнік Філіпенка на форуме «Люксэмбурскія рашэньні» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Форум «Люксэмбурскія рашэньні» абмяркоўвае праблемы Беларусі. Прадстаўнік ПАРЭ расказаў пра дапамогу беларускім уцекачам