У Міністэрстве замежных спраў Польшчы паведамілі аб выкліку часовага паверанага ў справах Беларусі Аляксея Панкраценкі для ўручэньня ноты ў сувязі «з трагічнымі падзеямі на польска-беларускай мяжы, якія прывялі да гібелі польскага вайскоўца».
«Польшча рашуча патрабуе спыніць правакацыі на польска-беларускай мяжы і арганізаваць міграцыйны рух. У сувязі з тым, што злачынства адбылося на польскім баку мяжы, а таксама ў сувязі з расьсьледаваньнем, якое вядзе пракуратура, Міністэрства замежных спраў таксама патрабуе высьвятленьня асобы і выдачы падазраванага ў забойстве польскага грамадзяніна», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні МЗС Польшчы.
Шостага чэрвеня стала вядома, што паранены нажом 28 траўня каля беларускай мяжы польскі жаўнер, які пэўны час знаходзіўся ў стане клінічнай сьмерці, памёр у Вайсковым мэдычным інстытуце.
Іншаземцы, якія спрабавалі нелегальна трапіць на тэрыторыю Польшчы зь Беларусі, паранілі польскага жаўнера ў канцы траўня на мяжы пад Белавежай нажом, прымацаваным да галіны дрэва,
28 траўня каля памежнай заставы ў Дубічах Царкоўных адбыўся напад на польскіх жаўнераў у форме. У штурме ўдзельнічалі каля 50 іншаземцаў. Яны штурмавалі памежную агароджу, кідалі камяні і галіны дрэваў у польскіх памежнікаў і вайскоўцаў, а таксама выкарыстоўвалі вострыя прылады, прымацаваныя да галінаў. Адзін зь іх ударыў такім нажом вайскоўца, калі той спрабаваў перакрыць пралом у сталёвай агароджы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы паведамілі аб трох параненых памежніках на мяжы зь Беларусьсю. ВІДЭА- Агулам пра напады мігрантаў, якія спрабавалі нелегальна трапіць у Эўразьвяз зь беларускай тэрыторыі, на польскіх вайскоўцаў і памежнікаў паведамлялі 28 і 31 траўня, а таксама 3 чэрвеня.
- Як паведамлялі польскія СМІ, у польскага памежніка, параненага на мяжы зь Беларусьсю 3 чэрвеня, дактары дыягнаставалі пералом асновы чэрапа, таксама ў мужчыны была пашкоджаная вачніца, існавала рызыка, што «вока ня ўдасца ўратаваць». Стан памежніка мэдыкі ацэньвалі як цяжкі.
- 29 траўня прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск пабываў ля мяжы зь Беларусьсю ў Дубічах Царкоўных (Падляскае ваяводзтва) і заявіў пра пляны аднавіць 200-мэтровую буфэрную зону каля мяжы зь Беларусьсю.
- 1 чэрвеня віцэ-прэмʼер Польшчы — міністар нацыянальнай абароны Ўладыслаў Касіняк-Камыш заявіў, што буфэрную зону на мяжы зь Беларусьсю адновяць 4 чэрвеня. Аднак 3 чэрвеня кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк паведаміў, што вяртаньне буфэрнай зоны будзе перанесена на пазьнейшы тэрмін.