41-гадоваму Андрэю Прылуцкаму інкрымінавалі артыкул 364 КК («Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).
Андрэй Прылуцкі працаваў на «Беларуськаліі» і далучыўся да страйку з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі ды новых выбараў. Пад пагрозай арышту ён уцёк у Расею, адкуль зьбіраўся ляцець ва Ўкраіну, але быў затрыманы ў Санкт-Пецярбурскім аэрапорце. Пазьней ён выйшаў на волю зь СІЗА і пакінуў Расею.
Што такое спэцвядзеньне
Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе можа адбывацца ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Такое вядзеньне магчыма весьці за 34 розныя злачынствы, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый.
Працэс «спэцыяльнага вядзеньня» адмыслова ўвялі для тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму).
Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.