Урачыстасьці пачаліся ў Вэр-сюр-Мэр, дзе знаходзіцца мэмарыял у памяць пра загінулых у Нармандыі брытанскіх вайскоўцаў. На цырымонію прыехалі прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і кароль Вялікай Брытаніі Карл III з каралевай Камілай.
У сваім выступе кароль заклікаў памятаць урокі гісторыі і «супрацьстаяць тыраніі».
На працягу дня адбудзецца яшчэ некалькі памятных імпрэзаў — у месцах, дзе разьмешчаныя мэмарыялы канадзкіх і амэрыканскіх вайскоўцаў. Чакаецца, што ў іх прымуць удзел прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, які прыбыў у Францыю напярэдадні, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, а таксама прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Расейскіх і беларускіх прадстаўнікоў на імпрэзы не запрасілі — у сувязьзю з агрэсіяй Расеі супраць Украіны пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.
У цэнтры ўвагі памятных імпрэзаў у 80-ю гадавіну «Дня Д» — вэтэраны Другой сусьветнай вайны. У Нармандыю прыехалі каля 200 удзельнікаў вайны, галоўным чынам зь Вялікай Брытаніі і ЗША. Многім зь іх ужо больш за 100 гадоў. Лідэры краін, якія ўдзельнічаюць у імпрэзах, цёпла іх вітаюць.
У 2014 годзе Ўладзімір Пуцін браў удзел ва ўрачыстасьцях у Нармандыі, нягледзячы на абвастрэньне адносінаў з Захадам пасьля анэксіі Крыму. Тады ў Францыі прайшлі перамовы ў так званым «нармандзкім фармаце» — з удзелам лідэраў Францыі, Нямеччыны, Расеі і Ўкраіны. З расейскім уварваньнем ва Ўкраіну ў 2022 годзе гэты фармат перастаў існаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як хлопец зь Бялынічаў вызваляў Нармандыю ў складзе канадзкага войска