Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Юры Амбразевіч заклікаў краіны Захаду скасаваць санкцыі, паколькі яны супярэчаць міжнародным абавязаньням у галіне ўстойлівага разьвіцьця.
«Мы заклікаем адмовіцца ад выкарыстаньня аднабаковых абмежаваньняў, якія ня толькі супярэчаць міжнародным абавязаньням, у тым ліку ў рамках выкананьня Парадку дня ў галіне ўстойлівага разьвіцьця на пэрыяд да 2030 году, але і ідуць уразрэз з палажэньнямі Статуту ААН і адпаведных рэзалюцый Генэральнай Асамблеі ААН», — працытавала Юрыя Амбразевіча дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Прадстаўнік МЗС Беларусі выступіў на міжнароднай канфэрэнцыі «Умацаваньне патэнцыялу Рэспублікі Беларусь для дасягненьня Цэляў устойлівага разьвіцьця: стратэгіі і партнэрства ў кантэксьце сучасных выклікаў і кліматычнай павесткі», якая праходзіць у кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень».
«Заклікаем усіх прызнаць і забясьпечыць на практыцы права кожнай краіны на доступ да харчаваньня, угнаеньняў, энэрганосьбітаў, да іншых рэсурсаў, уключна з тэхналёгіямі па прымальнай, разумнай цане. Гэта і будзе сапраўдным напаўненьнем лёзунгу ААН „нікога не пакінуць ззаду“», — дадаў ён.
Паводле яго, гэта дазволіць «скараціць тэхналягічны і эканамічны разрыў у разьвіцьці паміж „залатым мільярдам“ і іншым сьветам і дазволіць папярэдзіць мноства будучых канфліктаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе ўводзяць крымінальную адказнасьць за абыход санкцыйШто папярэднічала
Пасьля ўвядзеньня супраць Аляксандра Лукашэнкі і дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі санкцый за фальсыфікацыю вынікаў выбараў у 2020 годзе, жорсткі разгон масавых пратэстаў і падтрыманьне расейскай агрэсіі супраць Украіны, улады Беларусі доўгі час заяўлялі аб адсутнасьці ўплыву абмежаваньняў на жыцьцядзейнасьць краіны.
У адказ на міжнародныя санкцыі ў 2022 годзе ўлады Беларусі ўвялі шэраг абмежаваньняў і забаронаў супраць так званых «недружалюбных краін». У пералік увайшлі ўсе краіны Эўразьвязу, ЗША, Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, Чарнагорыя, Швайцарыя.
У чэрвені 2023 году кіраўнік ураду Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што ад заходніх санкцый пацярпела чвэрць беларускай эканомікі, страціўшы свае традыцыйныя рынкі ў суседніх краінах. Праз санкцыі ўлады актывізавалі супрацу з Расеяй і ў межах Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, а таксама намагаюцца задзейнічаць краіны Афрыкі.
5 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка ў віншаваньні, адрасаваным «народу Даніі» з нагоды Дня Канстытуцыі, заклікаў падтрымаць «беларускія мірныя ініцыятывы і байкатаваць аднабаковыя нелегітымныя абмежаваньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка папрасіў «народ» краіны Эўразьвязу выступіць супраць санкцый6 чэрвеня з аналягічнымі прапановамі Аляксандар Лукашэнка зьвярнуўся да народу Швэцыі, які адзначае Нацыянальны дзень — у гэты дзень у 1523 годзе Густава Вазу выбралі каралём, а ў 1809 годзе — ухвалілі новую Канстытуцыю.
«Ваш народ некалькі стагодзьдзяў аддаваў свой голас за мірнае нэўтральнае разьвіцьцё сваёй дзяржавы. Упэўнены, ніякім чынам нельга дазволіць некаторым „добразычліўцам“ прывесьці наш рэгіён да новай мілітарысцкай катастрофы. Спадзяюся, швэды ўжо хутка вернуцца на шлях мірнага суіснаваньня з усімі суседзямі, што адпавядае нашым сапраўдным агульным інтарэсам», — напісаў Лукашэнка ў сваім віншаваньні народу Швэцыі з Нацыянальным днём.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўчанка расказаў, як Беларусь пераадольвае заходнія санкцыі, ад якіх пацярпела чвэрць эканомікіСанкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі ў 2022-2023 гадах
На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.
- 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
- 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключаныя фізычныя і юрыдычныя асобы з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
- 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, уведзеныя абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
- 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
- 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў была ўведзеная забарона на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
- 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.
На працягу 2023 году Эўразьвяз 2 разы пашыраў санкцыі адносна Беларусі.
- 3 жніўня 2023 году Эўразьвяз увёў новы пакет санкцыяў адносна Беларусі, у якія 38 фізычных асобаў і 3 прадпрыемствы: ААТ «Менскі электратэхнічны завод», ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“» і Белнафтахім.
- 18 сьнежня 2023 году Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
- Шэраг краін ЭЗ на працягу 2022-2023 гадоў прымалі свае сувэрэнныя санкцыі адносна Беларусі — больш жорсткія, чым агульныя санкцыі Зьвязу.