У Маскве на вуліцы Аляксея Сьвірыдава знайшлі цела мужчыны 1989 году нараджэньня з прыкметамі «гвалтоўнай сьмерці ў выглядзе агнястрэльных раненьняў».
Як паведамілі ў пракуратуры Масквы, па гэтым факце завялі справу паводле ч. 1 артыкулу 105 Крымінальнага кодэксу Расеі («Забойства») і артыкулу 222 аб незаконным захоўваньні і нашэньні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў да яе.
Шэраг расейскіх СМІ паведамілі, што мужчыну з аўтамата Калашнікава расстраляў чалавек у чорнай масцы. Пасьля першага стрэлу ў сьпіну пацярпелы спрабаваў уцячы, але нападнік яго дагнаў і зноў стрэліў. Пасьля таго, як ахвяра ўпала, злачынца выстраліў у мужчыну яшчэ два разы.
Пазьней у пракуратуры Масквы паведамілі, што ў часе затрыманьня нападнік супраціўляўся і адстрэльваўся. У выніку ён і сам атрымаў цяжкае раненьне. Яму 34 гады. Паводле пракуратуры, імаверная вэрсія — забойства праз рэўнасьць.
Пазьней расейскія СМІ паведамілі, што ахвярай забойства стаў Канстанцін Балішанскі. У мінулым ён быў вядомым прафэсійным скэйтэрам і ўваходзіў у каманду Nike SB Расея.