Гэтую інфармацыю пацьвярджае яшчэ адна крыніца Свабоды, якая прасіла не называць яе.
«Гэта першы важны крок у вырашэньні лёсу Андрэя, які больш за 7 месяцаў правёў у поўнай ізаляцыі, бяз доступу да належнай мэдыцынскай дапамогі пры рэзкім пагаршэньні стану здароўя.
Аднак зараз важны другі самы галоўны крок — не дапусьціць ягонай экстрадыцыі ў Беларусь, дзе Андрэя перасьледуюць з палітычных матываў», — адзначыў Павал Латушка.
Таксама ён апублікаваў першае відэа з Андрэем Гнётам пасьля выхаду з сэрбскай турмы. У відэа ён расказвае пра 7 месяцаў у бялградзкай турме і перавод пад хатні арышт. Ён дзякуе усім, хто змагаўся за ягоную волю, і сьцвярджае, што сэрбскі суд яшчэ мае вырашыць, ці высылаць яго ў Беларусь.
Раней з заклікам вызваліць Андрэя Гнёта да афіцыйнага Бялграду зьвярталіся Камітэт абароны журналістаў (CPJ), а таксама партнэрскія арганізацыі праекту Media Freedom Rapid Response (зварот падпісалі Міжнародны інстытут прэсы, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў, Эўрапейскі цэнтар свабоды прэсы і СМІ, іншыя арганізацыі).
Перасьлед Андрэя Гнёта
- Андрэя Гнёта арыштавалі ўлады Сэрбіі, калі ён прызямліўся ў аэрапорце Бялграду ў кастрычніку 2023 году, на падставе ордэру Інтэрполу, выдадзенага на запыт Беларусі. З таго часу ён быў у Бялградзе пад вартай.
- Гнёт ня ведаў, што на яго выпісаны ордэр, у Сэрбію ён прыехаў на працу. Ён жыў у Тайляндзе, куды ўцёк пасьля ўдзелу ў пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
- У Беларусі Андрэя Гнёта вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Сам Гнёт гэта адмаўляе, лічачы, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі перасьледуе яго за палітычную дзейнасьць.
- У сьнежні 2023 году суд першай інстанцыі ў Сэрбіі ўхваліў дэпартацыю Гнёта ў Беларусь, але 12 сакавіка 2024 году Апэляцыйны суд у Бялградзе адмяніў рашэньне і адправіў справу на перагляд.
- У канцы лютага Інтэрпол заблякаваў зьвесткі Гнёта, пачаўшы праверку падставаў, паводле якіх беларускія ўлады абвясьцілі яго ў вышук.
- Пазасудовая калегія ў Бялградзе падчас паседжаньняў 26 сакавіка і 1 красавіка разгледзела справу аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта. Яго пакінулі пад вартай да вынясеньня рашэньня суду.
- Падчас знаходжаньня пад вартай у цэнтральнай турме ў Бялградзе стан здароўя Андрэя Гнёта значна пагоршыўся. У лісьце ад 11 траўня 2024 году Гнёт пісаў, што ягоная левая ступня часткова паралізаваная з красавіка і ён не атрымлівае належнай мэдыцынскай дапамогі.