Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла распрацаваны Рэспубліканскай партыяй законапраект аб увядзеньні санкцый супраць МКС, паведамляе CNN. У падтрымку праекту прагаласавалі 247 чалавек — 205 рэспубліканцаў і 42 дэмакраты. Супраць былі 155 кангрэсоўцаў-дэмакратаў. Два рэспубліканцы ўстрымаліся.
Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан падкрэсьліў, што гэты дакумэнт — рэакцыя на запыт судом ордэраў на арышт прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу і міністра абароны Ёава Галанта. «ЗША цьвёрда стаяць на баку Ізраіля і не дазволяць міжнародным бюракратам беспадстаўна выдаваць ордэры на арышт ізраільскага кіраўніцтва за ня ўчыненыя ім злачынствы», — заявіў Джонсан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны крымінальны суд разгледзіць запыт аб арышце прэм’ера і міністра абароны Ізраілю і трох лідэраў ХАМАСЗаконапраект прадугледжвае ўвядзеньне санкцый супраць асоб, якія «ўдзельнічаюць у любых намаганьнях па расьсьледаваньні, арышце, затрыманьні або судовым перасьледзе любой асобы, якая знаходзіцца пад абаронай Злучаных Штатаў і іх саюзьнікаў». Сярод такіх санкцый — забарона на апэрацыі з уласнасьцю ў ЗША, блякаваньне і ануляваньне візаў. У той жа час гэты праект наўрад ці будзе ўнесены на галасаваньне ў Сэнат, які кантралююць чальцы Дэмакратычнай партыі.
Адміністрацыя Байдэна — супраць санкцый у дачыненьні да МКС
Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна выступіла «рэзка супраць» ініцыятывы. «Адміністрацыя глыбока занепакоеная бяздумнай пасьпешлівасьцю пракурора МКС у выдачы ордэраў на арышт высокапастаўленых ізраільскіх чыноўнікаў. У той жа час адміністрацыя выступае супраць увядзеньня санкцый у дачыненьні да МКС, яго супрацоўнікаў, судзьдзяў або тых, хто дапамагае яго працы. Існуюць больш эфэктыўныя спосабы, каб абараняць Ізраіль, адстойваць пазыцыі ЗША ў дачыненьні да МКС і спрыяць міжнароднаму правасудзьдзю і прыцягненьню да адказнасьці, і адміністрацыя гатовая працаваць з Кангрэсам над гэтымі варыянтамі», — гаворыцца ў заяве Белага дому.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Ізраіля адрэгаваў на плян Байдэна аб замірэньні ў Газе