Літва можа адмовіцца ад паслугаў фірмы, зь якой дэмсілы Беларусі зьбіраліся ладзіць праект «пашпарта новай Беларусі»

Інгрыда Шыманіце

Літва можа адмовіцца ад паслуг «Garsų pasaulio» па вырабе блянкаў пашпартоў і іншых дакумэнтаў па выніках праверкі Дэпартамэнту дзяржбясьпекі (ДДБ).

Пра гэта гаворыцца ў адказе прэм’ер-міністаркі краіны Інгрыды Шыманіце на запыт выданьня 15min.lt.

«Калі кампанія будзе прызнаная нядобранадзейнай, будуць адшуквацца іншыя магчымасьці вырабу асабістых дакумэнтаў», — цытуе словы з адказу Шыманіце выданьне reform.news.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьдзівіліся нават спэцслужбы Літвы». Як зьвязаныя пашпарт «Новай Беларусі» і стары «гаманец» Лукашэнкі

Раней 15min.lt і «Беларускі расьсьледніцкі цэнтар» пры падтрымцы «Кібэрпартызанаў» апублікавалі расьсьледаваньне пра сувязі кампаніі «Garsų pasaulio». Дэмакратычныя сілы Беларусі зьбіраліся вырабляць з гэтай кампаніяй «пашпарты новай Беларусі».

Расьсьледнікі прыйшлі да высновы, што паміж кампаніяй і «кашальком Лукашэнкі» Віктарам Шаўцовым існуе сувязь. Пазьней Дэпартамэнт дзяржбясьпекі Літвы ініцыяваў праверку.

Як вынікае з адказу Шыманіце, дзейнасьць кампаніі правярае таксама Служба расьсьледаваньняў фінансавых злачынстваў пры МУС. Таксама паведамляецца, што Камітэт нацыянальнай бясьпекі і абароны Сейму Літвы абяцае высьветліць сытуацыю на закрытых пасяджэньнях.