У Галоўнай управе выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны назвалі электронныя кампанэнты, якія вырабляюць у Беларусі на заводах «Інтэграл» (Менск), ААТ «Радыётэхніка» (Ашмяны Горадзенскай вобласьці) і «СКБ Захад» (Берасьце) для расейскай вайсковай тэхнікі.
Як адзначаецца на адмыслова створаным сайце, «Інтэграл» вырабляе двунакіраваныя рэгістры зруху для аўтаматызаванай станцыі радыёперашкод Р-330 БМВ.
ААТ «Радыётэхніка» пастаўляе разэткі вонкавага запуску рухавіка для шматмэтавага браняванага аўтамабіля павялічанай абароненасьці КАМАЗ-63968 зь сямейства ўніфікаваных браняваных аўтамабіляў «Тайфун-К», а «СКБ Захад» для гэтай жа тэхнікі пастаўляе як мінімум два віды шматфункцыйных манітораў — бартавой інфармацыйна-кіроўнай сыстэмы аўтамабіля.
Украінскія вайскоўцы знайшлі гэтыя беларускія кампанэнты ў пашкоджанай у часе баявых дзеяньняў расейскай тэхніцы. Сярод іншых пастаўшчыкоў запчастак для Расеі — прадпрыемствы Аўстрыі, Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Армэніі, Даніі, Ізраілю, Ірану, Ірляндыі, Гішпаніі, Італіі, Канады, Кітаю, Нідэрляндаў, Нямеччыны, Польшчы, ААЭ, Сынгапура, ЗША, Узбэкістану, Францыі, Чэхіі, Швайцарыі, Швэцыі, Японіі і Рэспублікі Карэя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве назвалі дзяржсакратара «саюзнай дзяржавы» адным з арганізатараў выкраданьня ўкраінскіх дзяцей
У сувязі з гэтым украінскі бок просіць урады заходніх краін увесьці ўзмоцнены экспартны кантроль за шэрагам відаў прадукцыі і забараніць яе рээкспарт у Расею, Беларусь, Іран і КНДР.
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.