Улады Горадні адказалі гараджанам, якія зьбіралі подпісы пад пэтыцыяй за ўсталяваньне помніка пісьменьніку Васілю Быкаву (ён жыў у горадзе з 1947-га па 1949-ы і з 1955-га па 1972 год).
Гарадзенцы спасылаліся на тое, што ў «Горадні, дзе жыў і працаваў Васіль Быкаў, ягонае імя не ўвекавечанае належным чынам». Агулам пад пэтыцыяй падпісаўся 31 чалавек, піша bellit.info.
Паводле дакумэнту з подпісам намесьніцы старшыні Горадзенскага гарвыканкаму Зоі Кулешы:
«Стварэньне і ўстаноўка падобных аб’ектаў нармуецца палажэньнем аб парадку стварэньня (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манумэнтальнага і манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва».
З гэтага вынікае, што ўсталяваньне помнікаў гістарычным асобам не ўваходзіць у кампэтэнцыю гарвыканкаму. Паводле палажэньня, на якое спасылаецца старшыня Горадзенскага гарвыканкаму, помнікі ў абласных цэнтрах можна ставіць толькі на падставе рашэньняў аблвыканкаму. Праект помніка павінен таксама атрымаць заключэньне Міністэрства культуры і прайсьці ўзгадненьне ў Лукашэнкі. Вонкавы выгляд і архітэктурнае рашэньне зацьвярджае рэспубліканская мастацка-экспэртная рада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наш Быкаў». Сяргей Навумчык: «Быкаў апярэджваў час, нібыта падаючы нейкі знак» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наш Быкаў». Уладзімер Някляеў: «Ня кожнаму ўдавалася так завяршыць свой шлях»