Лукашэнка папрасіў «народ» краіны Эўразьвязу выступіць супраць санкцый

Аляксандар Лукашэнка ў Капэнгагене (Данія), 10-12 сакавіка 1995 году. Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка наведваў Данію толькі адзін раз — у сакавіку 1995 году. Але гэта быў не дзяржаўны візыт, а ўдзел ва Ўсясьветнай сустрэчы на вышэйшым узроўні ў інтарэсах сацыяльнага разьвіцьця, арганізаванай ААН.

Аляксандар Лукашэнка ў віншаваньні, адрасаваным «народу Даніі» з нагоды Дня Канстытуцыі, заклікаў падтрымаць «беларускія мірныя ініцыятывы і байкатаваць аднабаковыя нелегітымныя абмежаваньні».

Як адзначаецца на сайце Лукашэнкі, ён «заклікаў датчанаў падтрымаць беларускія мірныя ініцыятывы, забясьпечыць выкананьне дасягнутых дамоўленасьцяў і байкатаваць аднабаковыя нелегітымныя абмежаваньні, якія ня маюць ніякага сэнсу, а толькі разбураюць давер і павагу».

У той жа час у апублікаваным тэксьце віншаваньня з нагоды Дня Канстытуцыі Даніі не ўдакладняецца, аб якіх абмежаваньнях і дамоўленасьцях ідзе мова. Раней і ён, і міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік неаднаразова заклікалі правесьці мірныя перамовы паміж Расеяй і Ўкраінай на беларускай тэрыторыі і заяўлялі аб гатоўнасьці стаць пасярэднікам у гэтых перамовах. Ва Ўкраіне гэтыя прапановы адкідаюць праз тое, што Лукашэнка даў тэрыторыю Беларусі для расейскіх войскаў і іхнага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю.

Адметна, што Лукашэнка пасьля ўвядзеньня супраць яго пэрсанальных санкцый у адказ на фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе, жорсткі разгон пратэстаў і падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны, усе свае віншаваньні з нагоды дзяржаўных сьвятаў у краінах Эўразьвязу і ЗША адрасуе ня іхнаму кіраўніцтву, а народам гэтых краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Данія, Фінляндыя і Канада дазволілі Ўкраіне ўжываць іх зброю для ўдараў па Расеі. Якія яшчэ краіны зрабілі гэта

Аляксандар Лукашэнка наведваў Данію толькі адзін раз — у сакавіку 1995 году. Але гэта быў не дзяржаўны візыт, а ўдзел ва Ўсясьветнай сустрэчы на вышэйшым узроўні ў інтарэсах сацыяльнага разьвіцьця, арганізаванай ААН.

У верасьні 2006 году Лукашэнка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі бізнэс-колаў Даніі, якія прыяжджалі ў Беларусь. Тады дамовіліся аб супрацы ў галіне жывёлагадоўлі і будаўніцтве камбікормавага заводу, супрацоўнікаў якога плянавалі навучаць у Даніі.

Віншаваць з Днём Канстытуцыі народ Даніі Лукашэнка пачаў з 2022 году, і ўжо трэці раз у сваім віншаваньні ён спрабуе пераканаць народ Даніі ў «неэфэктыўнасьці палітыкі канфрантацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Вугоршчыны паабяцаў Беларусі «любую падтрымку». Але не ў абыход санкцый