Растуць чэргі на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу. На 8-ю гадзіну раніцы 5 чэрвеня ў чэргах агулам стаялі 2730 фураў, 650 легкавых аўтамабіляў і 65 аўтобусаў, паведамляе Памежны камітэт Беларусі.
А 8-й гадзіне раніцы 5 чэрвеня ў чэргах стаяла 2730 фураў, зь іх:
- 770 фураў на памежным пераходзе Беняконі — Салечнікі (Літва),
- 740 — на памежным пераходзе Каменны Лог — Меднікі (Літва),
- 640 — у пункце пропуску Казловічы — Кукурыкі (Польшча),
- 580 — у пункце пропуску Грыгораўшчына — Патэрніекі (Латвія).
Чэргі легкавога транспарту цяпер найбольшыя на мяжы з Польшчай. На 8-ю раніцы ў чэргах на мяжы з краінамі ЭЗ стаялі 650 легкавых аўтамабіляў, зь іх:
- 450 — у пункце пропуску Берасьце — Тарэспаль (Польшча),
- 100 — Беняконі — Салечнікі (Літва),
- 100 — Каменны Лог — Меднікі (Літва),
- у пункце пропуску Грыгораўшчына — Патэрніекі (Латвія) чаргі не было.
Чарга з аўтобусаў — толькі на мяжы з Польшчай (на 8-ю раніцы 1 чэрвеня ў чарзе стаялі 65 аўтобусаў).
Калі параўноўваць з пачаткам чэрвеня, чэргі на межах вырасьлі. Так, на 8-ю гадзіну раніцы 1 чэрвеня ў чэргах на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу стаялі 2090 фураў (на 640 менш, чым 5 траўня), 600 легкавых аўтамабіляў (на 50 менш) і 65 аўтобусаў.
Абсалютны рэкорд быў зафіксаваны 22 сакавіка: у той дзень чарга на выезд зь Беларусі ў кірунку ЭЗ складала 3690 фураў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарга грузавога транспарту на выезд зь Беларусі ў Эўразьвяз дасягнула новага рэкорду- Чэргі на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу ўтварыліся праз тое, што ўрады Польшчы, Латвіі і Літвы закрылі большасьць памежных пераходаў. Адбылося гэта пасьля таго, як зь беларускай тэрыторыі фіксаваліся шматлікія нелегальныя пераходы мяжы. Наступствы мігранцкага ціску з боку ўладаў Беларусі, а таксама іх саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны сталі прычынай разгляду закрыцьця памежных пунктаў і ўхваленьня такіх рашэньняў.
- Пасьля 3 чэрвеня Літва ўвяла забарону на ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі і шэрагу іншых харчоў зь Беларусі і Расеі. Людзі паведамляюць, што на мяжы забараняюць увозіць амаль усе харчы ня толькі юрыдычным, але і фізычным асобам; літоўскія мытнікі прымушаюць выліваць ваду, выкідаць ежу, цыгарэты і алькаголь. Магчыма, гэтыя праверкі таксама паўплываюць на хуткасьць афармленьня транспарту на мяжы зь Літвой.