4 чэрвеня Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла закон, які замацоўвае статус ангельскай мовы як адной з моваў міжнародных зносінаў ва Ўкраіне, паведаміў народны дэпутат Яраслаў Жалязьняк.
Дакумэнт, сярод іншага, прадугледжвае ўвядзеньне абавязковага вывучэньня ангельскай мовы ў дзіцячых садках і на ўсіх узроўнях адукацыі.
Таксама закон вызначае катэгорыі пасадаў, кандыдаты на якія абавязаныя валодаць ангельскай мовай, унармоўвае асаблівасьці ўжываньня ангельскай у працы органаў улады, органаў мясцовага самакіраваньня, у сфэрах адукацыі, культуры, транспарту, аховы здароўя і г.д.
Як дадаў Жалязьняк, у парлямэнце ўзьнікла дыскусія вакол праўкі, унесенай за дзень да прыняцьця закону, якая прадугледжвае бюджэтную падтрымку кінатэатраў за дэманстраваньне ангельскамоўных фільмаў. Праўку падтрымалі 226 галасамі народных дэпутатаў.
Летась, падчас папярэдняй рэдакцыі закону, прапаноўвалі паступова адмяніць украінскае дубляваньне замежных фільмаў і паказваць іх толькі на мове арыгіналу з субтытрамі. Гэта прывяло да шырокіх дыскусіяў у парлямэнце і ў грамадзтве. У выніку ўкраінскае дубляваньне пакінулі, у кінатэатрах, як і раней, будуць дзейнічаць квоты, калі дапускаецца да 10% сэансаў на ангельскай.
Паводле закону, усе аб’явы на вакзалах і ў аэрапортах будуць дубляваць на ангельскай. Мытны і пашпартны кантроль на мяжы для іншаземцаў таксама будуць праводзіць па-ангельску, піша ўкраінская служба ВВС.
Для службовых асобаў прадугледжаны абавязковы іспыт па ангельскай мове, вайскоўцы будуць мець стандарт NATO ў валоданьні ангельскай, а для пэдагогаў абавязкам будзе вывучэньне і выкарыстаньне ангельскай мовы. Прынамсі 8 катэгорыяў украінскіх чыноўнікаў будуць абавязаныя размаўляць па-ангельску: дзяржаўныя службоўцы, мытнікі, вайскоўцы, праваахоўнікі, кіраўнікі дзяржаўных адміністрацыяў, пракуроры, падаткавікі і іншыя.
Інфармацыя пра культурныя мерапрыемствы, архіўныя дакумэнты, музэйныя экспанаты павінна будзе мець англамоўную вэрсію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Леніна да Пушкіна. Як Расея сваім ваенным уварваньнем адкрыла шлях дэрусіфікацыі Ўкраіны