4 чэрвеня ў Малдове прайшлі 33 ператрусы па крымінальнай справе аб подкупе дзяржаўных чыноўнікаў з Малдовы і іншых краін, каб перашкодзіць Інтэрполу публікаваць «чырвоныя апавяшчэньні» пра міжнародны вышук асобаў з розных краін, паведамляе Антыкарупцыйная пракуратура Малдовы.
Справу расьсьледуюць сумесна з Францыяй пры садзейнічаньні ФБР, паведамляе ведамства. На падставе назапашаных доказаў ёсьць падставы меркаваць, што для рэалізацыі карупцыйнай схемы група асобаў розных нацыянальнасьцяў падкупляла дзяржаўных чыноўнікаў у Малдове і іншых краінах. Схема дазваляла асобам, у дачыненьні да якіх Інтэрпол публікаваў «чырвонае апавяшчэньне» аб вышуку, атрымліваць прытулак або статус уцекача ў Малдове ці іншых краінах, каб заблякаваць апавяшчэньні Інтэрполу аб іх вышуку.
Сума хабараў, якую выплацілі аўтары схемы чыноўнікам, меркавана можа дасягаць некалькіх мільёнаў даляраў.
Расьсьледаваньне таксама паказала, што ў рамках схемы «міжнародная злачынная арганізацыя, зьвязаная з асобамі ў Расеі, Украіне, Беларусі і іншых краінах, якую падазраюць у зьдзяйсьненьні кібэрзлачынстваў у асабліва буйных памерах», давала хабары пасярэднікам і службовым асобам у Малдове, каб тыя інфармавалі злачынцаў, якіх абвясьцілі ў вышук паводле «чырвоных апавяшчэньняў» Інтэрполу, паведамляе ведамства.
4 чэрвеня супрацоўнікі Антыкарупцыйнай пракуратуры правялі 33 ператрусы ў 12 чалавек. Падчас ператрусаў канфіскавалі лічбавыя прылады, у тым ліку мабільныя тэлефоны, ноўтбукі і кампутары, іншыя прадметы і дакумэнты, якія могуць быць доказамі злачынства.
Пасьля ператрусаў 4 чалавек затрымалі на 72 гадзіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інтэрпол адказаў на прэтэнзіі, што беларускія ўлады карыстаюцца яго інструмэнтамі для перасьледу грамадзян за мяжой- Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі (Інтэрпол) — міжурадавая арганізацыя, якая аб’ядноўвае 196 краін-чальцоў, і дапамагае праваахоўнікам з розных краін працаваць разам, абменьвацца зьвесткамі пра злачынствы і правапарушальнікаў, у тым ліку праз выпуск «чырвоных апавяшчэньняў».
- Чырвонае апавяшчэньне — запыт у праваахоўныя органы па ўсім сьвеце аб вышуку чалавека з мэтай ягонай экстрадыцыі ці перадачы на запыт краіны-сябра Інтэрполу. Краіны, якія ўваходзяць у Інтэрпол, ужываюць свае законы для прыняцьця рашэньняў аб дзеяньнях, зробленых на падставе «чырвонага апавяшчэньня».
- Беларуская ініцыятыва BelPol у кастрычніку 2021-га апублікавала вынікі расьсьледаваньня, паводле якога рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае Інтэрпол для рэпрэсій супраць беларусаў, што ўцяклі за мяжу. Пасьля гэтага беларуская апазыцыя запатрабавала выключыць краіну з гэтай міжнароднай арганізацыі.