На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў замежных справах Валер Кавалеўскі.
— З 3 чэрвеня ў Літве дзейнічае забарона на ўвоз зь Беларусі і Расеі вялікага сьпісу харчовых прадуктаў — 2800 відаў. Гэтая забарона тычыцца ўвозу гэтых прадуктаў і фізычнымі асобамі. Учора на мяжы было шмат сумных сытуацыяў, калі беларусаў прымушалі выкідаць прадукты. Як літоўскія ўлады тлумачаць тое, што абмежаваньні распаўсюджваюцца і на імпарт фізычнымі асобамі?
— Я дагэтуль не пачуў уцямных тлумачэньняў. Меркавалася, што палітыка на абмежаваньне ўвозу харчаваньня будзе скіраваная на юрыдычных асобаў. Мы бачым моцны дысбалянс, цярпяць людзі. Сытуацыя драматычная, людзей прымушаюць выкідаць тое, што яны маюць як асабістыя рэчы. Гэта і пачастункі, і рэчы першай неабходнасьці. Ці шкодзіць такая палітыка рэжыму Лукашэнкі? На мой погляд, рэжым будзе стаяць убаку і пасьміхацца. Рэжым ад такой палітыкі атрымае толькі плюсы.
— Ці ведаў АПК, што літоўскія ўлады рыхтуюць такую меру? Ці былі ў вас абмеркаваньні зь імі наконт гэтага?
— У нас была інфармацыя, што рыхтуюцца такія меры, але мы ня ведалі падрабязнасьцяў. З намі не было абмеркаваньня ці кансультацыяў, як найлепш рэалізаваць гэтыя меры. Учора, калі зьявіліся першыя зьвесткі пра тое, што адбываецца на мяжы, я зьвярнуўся ў МЗС Літвы з прапановай прааналізаваць сытуацыю і выправіць яе. Бо гэтая палітыка відавочна бʼе не па тых, на каго была нацэленая. Мае словы былі ўспрынятыя, прагучалі запэўніваньні, што дыскусія працягнецца на міжведамасным узроўні, зь Міністэрствам сельскай гаспадаркі і мытнай службай Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія прадукты больш нельга ўвозіць у Літву зь Беларусі. Разьбіраемся— Паведамляецца, што літоўскія мытнікі патрабуюць ад беларускіх падарожнікаў выкідаць і тыя прадукты, якія ня значацца ў сьпісе забароненых, а таксама тое, што набыта ў Duty Free. Гэта эксцэс выканаўцы ці ёсьць нейкія інструкцыі ці ўказаньні, якія шырэйшыя за сьпіс, усталяваны законам?
— Я думаю, што гэта выканаўцы вельмі імкнуцца выконваць новую палітыку. Часам выканаўцы вельмі рады новым паўнамоцтвам. Я ня ведаю, ці была гэтая лёгіка добра прадуманая і ці была яна даведзеная да выканаўцаў належным чынам.
— А ў чым мэта гэтых мераў? Дарадца Ціханоўскай Алесь Аляхновіч адзначыў, што гандаль Беларусі зь Літвой зараз невялічкі, харчаваньнем — у тым ліку. Незразумела, як імпарт харчаваньня зь Беларусі ў Літву ўмацоўвае рэжым і спрыяе расейскай агрэсіі супраць Украіны. Або ў Літве думаюць, што ўмацоўвае і спрыяе?
— Палітыка абмежаваньняў на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі прымаецца на агульнаэўрапейскім узроўні. Паколькі Літва — сусед Беларусі, то яна аказваецца першым выканаўцам гэтай палітыкі. Меры супраць імпарту сельскагаспадарчай прадукцыі з РФ вымушана ўключаюць і Беларусь. Бо ў нас з Расеяй адзіная мытная прастора, і любая прадукцыя, якая ідзе зь Беларусі, можа аказацца расейскай. І краіны ЭЗ вымушаныя сынхранізаваць санкцыйныя захады. Тут варта адзначыць шкоднасьць для нас нашай залежнасьці ад Расеі. Расею санкцыянуюць за яе агрэсію, і гэта будзе закранаць Беларусь усё больш і больш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’яднаны пераходны кабінэт пра новыя санкцыі Літвы: «Абмежаваньні ў адносінах фізычных асобаў — гэта памылка»
— Вы сказалі пра ўнівэрсальную палітыку ЭЗ. Але такіх сытуацыяў, як на мяжы зь Літвой, няма на мяжы з Латвіяй ці Польшчай. Можа, пакуль. Але няма. Дык, можа, адпаведныя рашэньні Вільні — гэта яе сувэрэнныя рашэньні, хай і ў рэчышчы агульнай палітыкі Эўразьвязу?
— Літва, зразумела, сувэрэнная дзяржава. У жніўні летась праводзіліся кансультацыі паміж МУС Літвы, Польшчы, Латвіі і Эстоніі пра памежную палітыку ў сувязі з пагрозай, якая сыходзіла зь Беларусі ад расейскай ПВК «Вагнэр». Невядома, да якіх рашэньняў краінаў Балтыі і Польшчы гэтая пагроза прывяла б, калі б ня гібель Прыгожына. Мы заўсёды за кансультацыі нашых суседзяў, каб іх палітыка была скаардынаваная. І мы заўсёды прапаноўваем, каб вяліся кансультацыі і з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Бо хто, як ня мы, ведае сытуацыю ўнутры Беларусі.
— Вы паведамілі, што кабінэт вядзе перамовы зь літоўскімі ўладамі наконт гэтай забароны. Што вам адказалі?
— Я не магу раскрываць дэталі. Мне было сказана, што гэта палітыка дзяржавы і яна будзе выконвацца. Але мяне пачулі і выказалі гатоўнасьць зрабіць крокі, каб паглядзець на сытуацыю па-іншаму.
— Дыпляматы — чыноўнікі, якія выконваюць палітычную лінію, якую вызначаюць не яны. Ці былі ў вас, у АПК, кантакты, размовы зь літоўскімі палітыкамі, з тымі, хто вызначае гэтую лінію?
— Дыпляматы — гэта людзі, якія працуюць у абодва бакі, і на прыём у тым ліку. Для дыпляматаў важна зьбіраць інфармацыю пра тое, як працуюць тыя ці іншыя рашэньні, які рэзананс яны маюць. Не магу сказаць, што ў АПК былі кантакты зь літоўскімі палітыкамі наконт гэтага. Магчыма, такія кантакты былі ў офіса Сьвятланы Ціханоўскай.
— Ці адсочваеце вы рэакцыю літоўскага грамадзтва на гэтую сытуацыю на мяжы?
— Я гаварыў пра гэтую сытуацыю зь літоўскімі экспэртамі. Рэакцыя на гэтую палітыку была адмоўная. Але калі гаварыць пра рэакцыю літоўскага грамадзтва, то яна будзе зьмяшаная. Хтосьці будзе падтрымліваць урад, нехта — крытыкаваць. Для многіх літоўцаў гэтыя абмежаваньні — гэта абмежаваньні супраць краіны, якая падтрымлівае агрэсію супраць Украіны. І якая зьяўляецца пляцоўкай для авантур Пуціна з выкарыстаньнем войска, ядзернай зброі, міграцыйнага крызісу. Нам трэба глядзець на сытуацыю на мяжы і вачыма літоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра новыя абмежаваньні для беларусаў літоўскія палітыкі пакуль спрачаюцца, — камэнтар літоўскага палітоляга«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.