Сейм Літвы зацьвердзіў высновы часовай сьледчай камісіі, якую стварылі там у кастрычніку 2023 году для расьсьледаваньня імавернага ўмяшаньня ў прэзыдэнцкія выбары ў 2019 годзе, а таксама «незаконнага ўплыву» на выведку і пры ўвядзеньні санкцый супраць Беларусі.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні літоўскага парлямэнту, гэтае рашэньне падтрымалі 64 дэпутаты, 42 прагаласавалі супраць і яшчэ 10 устрымаліся пры галасаваньні.
«Камісія вызначыла, што ў чэрвені 2021 году ў часе фармаваньня пазыцыі Літвы ў Радзе Эўразьвязу наконт увядзеньня санкцый супраць беларускіх угнаеньняў прэзыдэнт Гітанас Наўседа актыўна дамагаўся недапушчэньня санкцый. Ягоныя дарадцы, прадстаўляючы пазыцыю прэзыдэнта, аказвалі ўплыў на чыноўнікаў і дыпляматаў МЗС, накіраваны супраць увядзеньня санкцый датычна беларускіх угнаеньняў», — адзначаецца ў паведамленьні.
Камісія атрымала зьвесткі пра тое, што «некаторыя асобы, зьвязаныя зь беларускім бізнэсам угнаеньняў, спрабавалі стаць і сталі кіраўнікамі дзяржаўных установаў, важных у забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі, і дарадцамі абранага прэзыдэнта».
Паводле высновы камісіі, такія сувязі робяць Гітанаса Наўседу ўразьлівым. Апроч таго, у сваіх высновах камісія адзначыла, што адмова прэзыдэнта даць паказаньні «несумяшчальная з Канстытуцыяй, прысягай прэзыдэнта і законамі».
Камісія таксама ўнесла прапановы па папярэджаньні парушэньняў сакрэтнасьці інфармацыі і злоўжываньняў шляхам неабгрунтаванага засакрэчваньня інфармацыі, па кантролі фінансаваньня выбараў, крымінальнай выведцы і кантролю за ёй, а таксама па абароне правоў інфарматараў.
У той жа час у паведамленьні не ўдакладняюцца магчымыя прававыя наступствы гэтага рашэньня для Гітанаса Наўседы. Перад выбарамі некаторыя дэпутаты лічылі высновы часовай камісіі падставай для пачатку імпічмэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве скандал напярэдадні выбараў. Прэзыдэнта Наўседу абвінавацілі ў парушэньні прысягі і сувязях зь беларускім бізнэсамШто папярэднічала
У 2020 годзе выданьне BNS апублікавала артыкул пра зварот высокапастаўленага прадстаўніка літоўскай выведкі ў парлямэнт і праваахоўныя органы з інфармацыяй пра незаконнае зьбіраньне ў 2018–2019 гадах Дэпартамэнтам дзяржаўнай бясьпекі зьвестак пра атачэньне Гітанаса Наўседы, які тады балятаваўся ў прэзыдэнты.
Гэты зварот не прынёс ніякіх вынікаў, не было і камэнтароў з боку праваахоўных органаў. У парлямэнце тады таксама не змаглі падтрымаць ініцыятыву наконт неабходнасьці расьсьледаваць гэты факт.
У 2023 годзе літоўскія журналісты Довідас Панцэравас і Біруце Давіданіце, якіх дапытвала парлямэнцкая камісія, выдалі кнігу «Дакладчык і прэзыдэнт», у якой зноў абнародавалі інфармацыю ананімнага прадстаўніка Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы пра зварот кандыдата ў прэзыдэнты Гітанаса Наўседы да гэтай спэцслужбы з просьбай праверыць ягоную каманду.
Апроч таго, у кнізе згадвалася пра магчымае фінансаваньне ягонай выбарчай кампаніі з боку бізнэсоўцаў, зьвязаных зь «Беларуськаліем», а таксама падрабязна апісваўся канфлікт Гітанаса Наўседы зь міністрам замежных спраў Лінасам Лінкявічусам, у аснове якога было нежаданьне дзейнага прэзыдэнта ўводзіць нацыянальныя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і беларускіх прадпрыемстваў пасьля фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткага разгону акцый пратэсту ў Беларусі ў 2020 годзе.
Пасьля гэтага дэпутат Сейму Вітаўтас Бакас (Дэмакратычны саюз «Vardan Lietuvos») паўторна ініцыяваў парлямэнцкае расьсьледаваньне гэтай гісторыі, каб «папярэдзіць незаконнае фінансаваньне выбараў і незаконны ўплыў на палітычную сыстэму».
Камісію стварылі летась у кастрычніку: яе ачоліў Вітаўтас Бакас, а ў склад увайшлі шэсьць дэпутатаў, у тым ліку Лаўрынас Кашчунас, які вядомы сваімі рэзананснымі заявамі і ініцыятывамі наконт неабходнасьці абмежаваньняў для беларусаў у Літве. Некалькі дзён таму Гітанас Наўседа прызначыў яго міністрам абароны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лаўрынас Кашчунас стаў новым міністрам абароны ЛітвыЗа стварэньне камісіі прагаласавалі 62 дэпутаты, 36 — супраць, і тры ўстрымаліся. Тыя, хто галасаваў супраць, аргумэнтавалі сваю пазыцыю тым, што галоўная мэта стварэньня такой камісіі — падарваць папулярнасьць Наўседы перад выбарамі 2024 году.
Пасяджэньні сьледчай камісіі праходзілі два разы на тыдзень, часта ў закрытым рэжыме.
Старшыня камісіі Вітаўтас Бакас вядомы сваёй крытыкай дзеяньняў і рэакцыі ўлады Літвы на мігранцкі крызіс на мяжы зь Беларусьсю. Ён настойваў, што Літва павінна не вяртаць мігрантаў на беларускую тэрыторыю, а прымушаць іх праходзіць мяжу і зьвяртацца па статус уцекача ў Літве. Ягоныя заявы актыўна распаўсюджвалі афіцыйныя СМІ Беларусі.