У сьпісе забароненай прадукцыі зь Беларусі і Расеі апынулася больш за 2800 пазыцыяў, сярод іх — жывыя жывёлы, мяса і субпрадукты, рыба, малако і прадукты зь яго, яйкі, натуральны мёд, расьліны, гародніна, садавіна, кава, зерневыя, крупы, масла, напоі, тытунёвыя вырабы і іншыя прадукты.
Алесь Аляхновіч ацаніў апошнія захады літоўскіх уладаў супраць імпарту прадукцыі.
«У 2023 годзе імпарт Літвы зь Беларусі і Расеі дасягнуў гістарычнага мінімуму. Вільня імпартавала зь Беларусі тавараў на суму $302 млн, што адпавядала 0,6% імпарту краіны. Падсанкцыйныя тавары — гэта трэцяя частка ад указанага імпарту. У сувязі з тым, што гэты імпарт мізэрны ў маштабах усёй Літвы, то наўрад ці такія крокі дадуць нейкую палёгку для літоўскіх кампаніяў.
Менавіта таму абмежаваньні маюць палітычны, а не эканамічны характар. Гэта працяг пасьлядоўнай палітыкі ціску супраць рэжыму Лукашэнкі і Пуціна.
На жаль, у гэтым выпадку абмежаваньні ўжо закранулі ня толькі імпарт у прамысловых маштабах, але і звычайных грамадзянаў, якія вязуць з сабой прадукты харчаваньня для асабістых мэтаў, а часам і іншыя тавары, такія як лекі, якіх не было ў санкцыйным сьпісе. Такія дзеяньні больш шкодзяць звычайным беларусам, чым рэжыму Лукашэнкі. Абмежаваньні ў адносінах фізычных асобаў — гэта памылка, і мы будзем зьвяртацца да літоўскага боку з прапановай перагледзець працу мытнай службы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве ўступіла ў сілу забарона на імпарт аграпрадукцыі зь Беларусі і РФ. Што адбываецца на мяжыПрадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў замежных справах Валер Кавалеўскі расказаў «Эўрарадыё», што ўжо зьвязаўся з МЗС Літвы.
«Рэакцыя была канструктыўная, спадзяюся, у хуткім часе будзе дадатковая інфармацыя ад літоўскіх уладаў».
Але адным кантактам праца прадстаўніцтва ў замежных справах не абмяжоўваецца. Кавалеўскі адзначыў, што Кабінэт будзе шукаць магчымасьці высьветліць «акалічнасьці новай палітыкі».
«З аднаго боку, магчыма, гэта спроба абмежаваць нейкі памежны гандаль, якім, дарэчы, карысталіся і многія літоўцы, што езьдзілі ў Беларусь, нешта куплялі і прывозілі ў Літву. Але відавочна, што гэта закранае ня столькі гандляроў, колькі звычайных людзей».
Таксама Валер Кавалеўскі зьвярнуў увагу на тое, што іншыя суседнія эўрапейскія краіны такіх захадаў не рабілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз павысіў мыта на збожжа зь Беларусі і Расеі, што фактычна спыніць яго імпарт