Прэмʼер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу ацаніў пэрспэктывы спыненьня агню ў вайне з ХАМАС у сэктары Газа ў найбліжэйшы час як малаверагодныя.
Паводле яго, прапанаванае прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам пагадненьне аб спыненьні баявых дзеяньняў і вызваленьні баевікамі закладнікаў зьяўляецца толькі накідам, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Нэтаньягу даўно настойвае на ліквідацыі ХАМАС у Газе. У сваёй заяве ён падкрэсьліў:
«Сьцьвярджэньні аб тым, што мы пагадзіліся на спыненьне агню без выкананьня нашых умоў, не адпавядаюць рэчаіснасьці».
На мінулым тыдні Байдэн выклаў новы плян спыненьня агню ў сэктары Газа, які прадугледжвае першапачатковае спыненьне баявых дзеяньняў і вызваленьне часткі закладнікаў, што ўтрымліваюцца ХАМАС.
У той час як ізраільскія афіцыйныя асобы паставілі пад сумнеў дэталі прапановы аб замірэньні, Армія абароны Ізраілю паведаміла, што пацьверджана гібель яшчэ чатырох закладнікаў, захопленых ХАМАС. Сярод іх — трое пажылых мужчын, якія дарэмна прасілі выкрадальнікаў вызваліць іх.
Як паведаміў Дзярждэпартамент у нядзелю, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен абмеркаваў прапанову з ізраільскімі афіцыйнымі асобамі, адзначыўшы, што плян «адпавядае доўгатэрміновым інтарэсам бясьпекі Ізраіля».
Прэмʼер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу таксама заявіў, што Ізраіль дапускае прыпыненьне вайны з баевікамі групоўкі ХАМАС (прызнанай тэрарыстычнай групоўкай у ЗША і ЭЗ) на кароткі пэрыяд часу, «але гаворка не ідзе аб поўным спыненьні ваенных дзеяньняў». Прэмʼер-міністар Ізраіля падкрэсьліў, што «яго краіна гатовая абмяркоўваць умовы спыненьня вайны з ХАМАС». Пры гэтым, паводле яго, «вайна ня скончыцца, калі Ізраіль не рэалізаваў ўсе свае мэты».
Краіны G7 падтрымалі
Тым часам краіны G7 падтрымалі плян спыненьня агню ў Газе, прапанаваны Байдэнам, пра гэта гаворыцца ў заяве.
«Мы зноў пацьвярджаем нашу падтрымку надзейнага шляху да міру, які вядзе да рашэньня аб стварэньні дзьвюх дзяржаў. Мы заклікаем ХАМАС прыняць гэтую ўгоду, у якой Ізраіль гатовы рухацца далей, і мы заклікаем краіны, якія маюць уплыў на ХАМАС, дапамагчы забясьпечыць гэта», — гаворыцца ў заяве G7.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвясьціў 31 траўня новы плян спыненьня агню ў сэктары Газа.
Байдэн у сваёй прамове ў Белым доме назваў прапанову «дарожнай мапай да трывалага спыненьня агню і вызваленьня ўсіх закладнікаў».
Паводле яго, пагадненьне складаецца з трох этапаў.
- Першы этап будзе доўжыцца 6 тыдняў і будзе ўключаць «поўнае і ўсёабдымнае спыненьне агню», вывад ізраільскіх сіл з усіх населеных пунктаў Газы і вызваленьне шэрагу закладнікаў, у тым ліку жанчын, старых і параненых, у абмен на вызваленьне сотняў палестынскіх зьняволеных. На першым этапе прапануецца павялічыць абʼёмы гуманітарнай дапамогі — штодня ў сэктар Газа будуць прапускаць 600 грузавікоў.
- Другі этап будзе ўключаць у сябе вызваленьне ўсіх жывых закладнікаў, у тым ліку салдатаў-мужчын, і вывад ізраільскіх войскаў з Газы.
- Трэці этап прадугледжвае пачатак маштабнай рэканструкцыі рэгіёна.
Прапанова Ізраіля была перададзена ХАМАС у мінулы чацьвер, сказаў Байдэн.