«Права на абарону»: Са сьпісу адвакатаў зьнікла некалькі вядомых імёнаў

Са сьпісу адвакатаў, разьмешчанага на сайце Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў (БРКА), зьніклі імёны некалькі вядомых і дасьведчаных адвакатаў, паведамляе сайт «Права на абарону».

Паводле яго, гэтыя зьнікненьні адбыліся ў пэрыяд з 28 лютага 2024-га да 26 траўня 2024 году. 28 лютага 2024 года ў Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні адвакатаў. Дакладная колькасьць затрыманых і прычыны застаюцца невядомымі, аднак праваабаронцы называлі лічбу ў 12 адвакатаў. Большасьць з тых, каго затрымалі, хутка адпусьцілі на волю.

З сайта БРКА зьніклі зьвесткі як мінімум 15 адвакатаў Менскай гарадзкой і Менскай абласной калегій адвакатаў, сярод якіх сустракаюцца імёны адвакатаў, дата выдачы ліцэнзіі якім датуецца 1993 годам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Human Rights Watch апублікавала даклад аб «беспрэцэдэнтных рэпрэсіях» супраць беларускіх адвакатаў, пад якія трапіла 140 асоб

Размова ідзе аб наступных адвакатах: Ірына Багніч, Вольга Безбародкіна, Натальля Яфімчык, Анжэла Ратнэр, Галіна Пархімчык, Ірына Шабанава, Галіна Шынкарэнка, Алег Глушнёў, Ірына Багдановіч, Яніна Аляксандрава, Вікторыя Кастраміна, Тацяна Ляташка, Анастасія Косава, Аляксандар Галавач.

Адносна гэтых 15 адвакатаў ніякай інфармацыі аб ужываньні традыцыйных працэдур пазбаўленьня права на прафэсію ў адкрытым доступе няма, адзначае сайт «Права на абарону». І дадае: «Магчыма, гэта праява новай стратэгіі ў адносінах да пазбаўленьня адвакатаў права на прафэсію — непублічнасьць такіх рэпрэсіўных мэтодык».