Экс-прэзыдэнт Манголіі ў сацсетцы Х: Беларускі дыктатар Лукашэнка — самазванец, яму месца ў турме

Цахіягійн Элбэгдорж. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ў Манголіі зь першым дзяржаўным візытам.

Яшчэ напярэдадні візыту пра яго крытычна выказаўся былы прэзыдэнт і былы прэм’ер-міністар Манголіі Цахіягійн Элбэгдорж.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы прэзыдэнт Манголіі заклікаў арыштаваць Лукашэнку падчас яго візыту ў гэтую краіну

Сёньня ў сацыяльнай сетцы Х экс-прэзыдэнт Манголіі зноў выказаўся наконт прыезду Лукашэнкі.

— Беларускі дыктатар Лукашэнка, які прыехаў у Манголію, зьяўляецца самазванцам і не прадстаўляе беларускі народ. Фактычным прэзыдэнтам, прызнаным міжнароднай супольнасьцю, зьяўляецца Сьвятлана Ціханоўская. Яна заслугоўвае нашай поўнай падтрымкі. Сустрэча з Лукашэнкам толькі ганебна легітымізуе вайну і тэрор ягонага рэжыму. Яму месца ў турме, а не ва ўладзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў у Манголіі пра Чынгісхана і адказаў на крытыку мангольскіх СМІ

У лютым сёлета Цахіягійн Элбэгдорж зьедліва адрэагаваў на заяву Ўладзімера Пуціна ў інтэрвію Такеру Карлсану пра тое, што большая частка Ўкраіны належала Расейскай імпэрыі. Тады экс-прэзыдэнт Манголіі ў сетцы Х вывесіў мапу імпэрыі Чынгісхана, у якую ўваходзіла ладная частка тэрыторыі сучаснай РФ.