Справаздачы ў ГУУС, пракуратуру, адміністрацыю Лукашэнкі па палітычных звальненьнях і адлічэньнях, сачэньне за выкладчыкамі, парушэньні нормаў маралі — пра гэта расказваецца ў справаздачы «Кібэрпартызанаў».
Рэктар Андрэй Кароль 14 жніўня 2020 году выпусьціў зварот, у якім запэўніў, што за ўдзел у мірных акцыях адлічэньняў і звальненьняў у БДУ ня будзе.
Аднак, паводле ліста ад кіраўніцтва ВНУ пракурору Маскоўскага раёну Менску Віктару Шабану, ад 9 жніўня 2020 году да лета 2023 году з палітычных матываў у БДУ звольненыя 50 работнікаў, двое атрымалі заўвагі, а трое — вымовы. Акрамя таго, былі адлічаныя 140 навучэнцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 70 удзельнікаў, 11 млн асабістых профіляў, 15% бачнасьці. Расказваем гісторыю беларускіх «Кібэрпартызанаў»«Кібэрпартызаны» адзначаюць, што нават гэтыя лічбы не адлюстроўваюць поўнай карціны палітычных рэпрэсій ва ўнівэрсытэце. Да 2020 году колькасьць работнікаў БДУ расла, а потым пачала імкліва зьніжацца. Толькі за 2 гады займаныя пасады пакінулі больш за 450 чалавек.
На адным з кампутараў ва ўнутранай сетцы БДУ «Кібэрпартызаны» знайшлі захаваныя аўдыёзапісы. Сярод іх знайшоўся запіс выступу рэктара Караля, на якім ён заяўляе, што пад палітычную чыстку ва ўнівэрсытэце падпалі ня менш як 500 працаўнікоў.
Рэктар БДУ асабіста даносіў знаёмаму супрацоўніку МУС Андрэю Галенку пра тое, дзе і як праходзяць студэнцкія акцыі.
Шчыльнае ўзаемадзеяньне з карнымі структурамі дайшло да таго, што ў ВНУ пачалі здымаць так званыя пакаянныя відэа. Адно зь іх апублікавалі 23 траўня 2023 году на афіцыйнай старонцы юрыдычнага факультэту БДУ ў Instagram.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кібэрпартызаны» заявілі, што ўзламалі «базу даносаў у КДБ»Рэпрэсіўная кампанія ў ВНУ не цішэе да гэтага часу — адзначаюць «Кібэрпартызаны». Супрацоўнікаў працягваюць звальняць з палітычных матываў, а за тымі, хто застаўся, пастаянна сочаць праз сацыяльныя сеткі.
У відэасправаздачы «Кібэрпартызанаў» дэманструюцца фрагмэнты допыту рэктарам БДУ двух выкладчыкаў за зачыненымі дзьвярыма кабінэта 22 жніўня 2023 году, падчас якога ён прымушае супрацоўнікаў пісаць тлумачальныя наконт іх палітычнай пазыцыі і знаходжаньня ў месцах правядзеньня масавых акцый пратэсту.
Таксама апублікаваны аўдыёзапіс за 2024 год, на якім штатны супрацоўнік КДБ Яраслаў Чаркаскі, які займае ў БДУ пасаду прарэктара па бясьпецы і кадрах, кажа, што двух супрацоўнікаў унівэрсытэту трэба звольніць з палітычных матываў. Прычым зрабіць гэта павінен пэўны супрацоўнік, у чыёй ляяльнасьці ў КДБ сумняваюцца, бо раней той ня ўдзельнічаў у ідэалягічных чыстках ВНУ.