Вядзецца праца «над [адпаведным] указам міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі», заявіў міністар.
«Мы не чакаем, што гэтае рашэньне будзе прынятае заўтра. Мы хочам мець яшчэ крыху часу, некалькі дзён, каб параіцца зь мясцовымі ўладамі, нацыянальным паркам, грамадзкімі арганізацыямі», — цытуе яго RMF FM.
Рашэньне, «за якое выступаюць пагранічнікі, паліцыя і армія», павінна «максымальна ўлічваць інтарэсы мясцовага насельніцтва, мясцовых прадпрымальнікаў», падкрэсьліў міністар.
Паводле яго слоў, урад ужо прыняў «гнуткую формулу адлегласьці ад мяжы», каб улічваць інтарэсы розных бакоў.
У параўнаньні зь мінулым годам колькасьць спробаў незаконнага перасячэньня польска-беларускай мяжы павялічылася ўдвая, паведаміў кіраўнік польскага МУС, адзначыўшы рост агрэсіі мігрантаў «у адносінах да салдат і афіцэраў».
«Кіданьне галінаў, камянёў, стрэлы ў польскіх афіцэраў павінны знаходзіць адэкватны адказ», — падкрэсьліў ён.
«Няма ніякіх сумневаў у тым, што мы маем справу з сплянаванымі і ўсьвядомленымі дзеяньнямі іншых краін у гэтай галіне. 90 працэнтаў людзей, якія спрабуюць перасекчы польскую мяжу, маюць расейскія візы. Яны прыбываюць у Расею і ўвозяцца адтуль», — падкрэсьліў Семаняк.
29 мая прэм’ер-міністар Дональд Туск заявіў аб плянах аднавіць 200-метровую буфэрную зону на польска-беларускай мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Буфэрная зона на мяжы зь Беларусьсю вернецца 4 чэрвеня — віцэ-прэм’ер Польшчы