Тры месяцы бяз працы. Улады зьмянілі крытэры так званага «СОП», калі могуць адабраць дзяцей

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі пашыраюцца крытэры сацыяльна небясьпечнага становішча.

Пра гэта паведамляе «Менская праўда».

Выданьне адзначае, што зьмены, унесеныя ў Кодэкс аб шлюбе і сямʼі, канкрэтызаваныя і дэталізаваныя ў пастанове Савету міністраў.

У прыватнасьці, можа быць прызнана, што непаўналетні знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы (СНС, па-расейску — СОП), калі ў дачыненьні да бацькоў вызначаныя факты сэксуальнага гвалту ў адносінах да дзіцяці, факты ўчыненьня бацькамі правапарушэньня ў стане, выкліканым спажываньнем наркотыкаў, або факты ўхіленьня ад дыспансэрнага нагляду, які робіцца ў сувязі з наяўнасьцю хранічнага ці зацяжнога псыхічнага захворваньня альбо наяўнасьцю сындрому залежнасьці ад алькаголю ці наркотыкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі новы закон аб сацыяльнай падтрымцы. Тлумачым, што канкрэтна мяняецца

Таксама сярод паказчыкаў небясьпечнага становішча непаўналетніх указаная адсутнасьць працы абаіх бацькоў або аднаго з бацькоў на працягу трох месяцаў, што прыводзіць да незадавальненьня асноўных патрэбаў дзіцяці ў ежы, адзеньні і іншым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шматдзетнай сям’і пагражаюць «сацыяльна-небясьпечным становішчам» за бел-чырвона-белыя жалюзі на вокнах

У Беларусі пастаноўку ў так званае «сацыяльна небясьпечнае становішча» выкарыстоўваюць як інструмэнт палітычных рэпрэсіяў. Беларуская праваабаронца Дарʼя Чурко ў 2021 годзе правяла дасьледаваньне непрапарцыйнага ўжываньня дзяржаўнымі органамі інструмэнту так званага «сацыяльна небясьпечнага становішча» у мэтах ціску на палітычна актыўных людзей празь іхных дзяцей. З 24 апытаных рэспандэнтаў 13 атрымлівалі пагрозы пастаноўкі на ўлік, 10 — пагрозы адабраць дзіця зь сямʼі, і адно дзіця забралі.

Яшчэ ў 2010 годзе ў зьняволеных кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і журналісткі Ірыны Халіп ледзь не забралі трохгадовага сына. Дзіця тады ўдалося «адбіць» бацькам Ірыны. Такіх гісторый значна паболела пасьля 2020 году.