Міністарка эканомікі і інавацый Літвы Аўшрыне Арманайце падпісала зь нямецкім гігантам вайсковай прамысловасьці Rheinmetall дамову аб будаўніцтве заводу па вытворчасьці артылерыйскіх снарадаў, які пачне працаваць у канцы 2025 году і вырабляць дзясяткі тысяч боепрыпасаў у год.
Як адзначаецца ў паведамленьні Міністэрства эканомікі і інавацый Літвы, месца будаўніцтва заводу вызначаць у найбліжэйшыя тыдні.
«Стварэньне заводу Rheinmetall у Літве зьяўляецца надзвычай значным крокам на шляху задавальненьня надзённых патрэб нашай краіны ў галіне абароны і бясьпекі. Гэта дапаможа забясьпечыць бесьперабойны доступ да неабходнай зброі і боепрыпасаў, паколькі мы будзем самі вырабляць прадукцыю, неабходную для абароны Эўропы», — заявіла літоўская міністарка.
Паводле яе, вартасьць інвэстыцыйнага праекту складае 180 мільёнаў эўра. На заводзе будзе створана ня менш за 150 новых працоўных месцаў.
«Мы ўдзячныя Літве за гэтае доўгатэрміновае партнэрства. Гэта яшчэ раз пацьвярджае наша імкненьне быць адным са слупоў нацыянальнай і міжнароднай бясьпекі», — сказаў генэральны дырэктар Rheinmetall Армін Папэргер.
Дзеля гарантаваньня бясьпекі Літвы па ініцыятыве Міністэрства эканомікі і інавацый літоўскі парлямэнт ухваліў зьмены ў законы, якія ствараюць больш спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця маштабных праектаў. Інвэстары, у тым ліку Rheinmetall, змогуць скарыстацца гэтымі магчымасьцямі.
На тле паставак ва Ўкраіну краіны Захаду істотна скарацілі свае запасы артылерыйскіх боепрыпасаў. Некалькі дасьледаваньняў паказалі, што Расея вырабляе больш снарадаў, чым краіны NATO. Гэта вядзе да пашырэньня вайсковай вытворчасьці ў ЗША, краінах Эўразьвязу і Вялікай Брытаніі.
Завод у Літве будзе спэцыялізавацца на выпуску 155-мілімэтровых артылерыйскіх снарадаў, найбольш папулярных у арміях NATO. Завод на 20 гадоў будзе вызвалены ад карпаратыўнага падатку. Прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце назвала гэтую вытворчасьць важнай ня толькі для Літвы, але і для Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы Дуда заклікаў Захад узбройвацца, каб стрымаць расейскую агрэсію
У траўні ў амэрыканскім штаце Тэхас адкрыўся новы завод па вытворчасьці 155-мілімэтровых снарадаў, паведаміў «Голас Амэрыкі». Яго будаўніцтва каштавала больш за 500 мільёнаў даляраў. Яшчэ адзін завод па вытворчасьці снарадаў будуецца ў Арканзасе, а Пэнтагон плянуе адкрыць другую лінію па вытворчасьці снарадаў на вайсковым заводзе ў Аёве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: эскаляцыя Расеяй вайны зьяўляецца экзыстэнцыяльнай пагрозай для народу Ўкраіны