Беларускія лётчыкі прайшлі падрыхтоўку ў прымяненьні ядзернай зброі, — Вайскова-паветраныя сілы

Ілюстрацыйнае фота

Падчас сумесных лётна-тактычных вучэньняў зь сіламі і сродкамі ВПС, войскаў СПА Беларусі і ВКС Расеі, быў зроблены акцэнт на «тактычнай вывучцы беларускіх лётчыкаў».

Пра гэта заявіў 2 чэрвеня ў этэры тэлеканалу СТБ намесьнік камандуючага ВПС і войскамі СПА — начальнік авіяцыі Леанід Давідовіч.

«Фон вучэньняў і тактычныя эпізоды», якія беларускія і расейскія лётчыкі плянавалі адпрацаваць падчас іх, «былі дастаткова насычаныя», сказаў ён.

«Мэта вучэньняў была ў тым, каб навучыць і паглядзець, як працуюць камандзіры вайсковых частак, як працуюць іх штабы ў прыняцьці рашэньняў», — удакладніў начальнік авіяцыі. Паводле яго, была задзейнічана «вялікая частка авіяцыі ВПС Беларусі: усе авіябазы, усе тыпы самалётаў». Таксама быў дасягнуты «максымальны ахоп асабовага складу, максымальны спэктар выкананьня ўсіх задач».

У ходзе вучэньняў досьведам «больш дзяліліся расейскія лётчыкі», адзначыў Давідовіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё ў нас стабільна». Пуцін і Лукашэнка абмеркавалі другую фазу супольных вучэньняў носьбітаў ядзернай зброі

Паводле яго сьцьвярджэньня, усе дні актыўнай фазы вучэньняў за імі сачылі самалёты далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня ўласнай авіяцыяй краін NATO, «у небе над Польшчай і краінамі Балтыкі ўвесь час віселі некалькі самалётаў».

Камэнтуючы нядаўнія сумесныя з Расеяй вучэньні ў прымяненьні нестратэгічнай ядзернай зброі, ён падкрэсьліў, што ў гэтым кірунку беларускія лётчыкі і інжынэрна-тэхнічны склад ужо прайшлі «ўвесь цыкль тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі».

Аб пачатку сумесных лётна-тактычных вучэньняў прэс-служба беларускага Міністэрства абароны паведамляла 27 траўня. Манэўры працягваліся да 31 траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэтрансьлятар Пуціна. Навошта Лукашэнка зноў пужае сьвет ядзернай зброяй