Адначасова Афір Фальк ахарактарызаваў праект як недасканалы, які патрабуе значнай дапрацоўкі.
«Угода, на якую мы пагадзіліся, ня вельмі добрая, але мы вельмі хочам, каб усе закладнікі былі вызваленыя, — сказаў Фальк у інтэрвію брытанскаму выданьню Sunday Times. Адначасова Афір Фальк адзначыў, што Ізраіль не адмаўляецца ад сваіх умоваў, якія апроч вяртаньня закладнікаў уключаюць «зьнішчэньне ХАМАС як тэрарыстычнай арганізацыі, адказнай за генацыд».
Два вельмі правых партнэра Нэтаньягу па кааліцыі ўжо прыгразілі, што пакінуць урад у знак пратэсту супраць любой угоды, якая, на іх думку, будзе недастаткова жорсткай у дачыненьні да ХАМАС.
Джо Байдэн прадставіў плян па спыненьні агню ў сэктары Газа 31 мая, адзначыўшы, што ён складаецца з трох этапаў і заснаваны на прапановах Ізраіля. Першы этап прадугледжвае перамірʼе і вяртаньне часткі заложнікаў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў руках баевікоў. У далейшым чакаюцца перамовы ваюючых бакоў аб бестэрміновым спыненьні баявых дзеяньняў і выхад на волю ўсіх палонных, якія засталіся.
Такая пасьлядоўнасьць дзеяньняў, мяркуючы па ўсім, прадугляджвае, што ХАМАС будзе працягваць адыгрываць ролю ў дадатковых дамоўленасьцях пры пасярэдніцтве Эгіпта і Катара. Гэта, аднак, патэнцыйна супярэчыць рашучасьці Ізраіля аднавіць кампанію па ліквідацыі радыкальнай групоўкі, якую падтрымлівае Іран, піша Reuters.
Байдэн, прадстаўляючы ў пятніцу плян, адзначаў, што праект стварае лепшыя ўмовы для Газы пасьля вайны — без групоўкі ХАМАС ва ўладзе. Ён не ўдакладніў, аднак, як гэта будзе дасягнута, і прызнаў, што ёсьць шэраг дэталяў, якія яшчэ неабходна абмеркаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн абнародаваў новы плян па спыненьні агню ў сэктары ГазаСама групоўка ХАМАС, як паведамлялася раней, папярэдне прывітала ініцыятыву амэрыканскага лідэра. «Прамова Байдэна ўтрымлівала пазытыўныя ідэі, але мы хочам, каб гэта матэрыялізавалася ў рамках усёабдымнага пагадненьня, якое адпавядае нашым патрабаваньням», — заявіў у суботу «Аль-Джазіры» высокапастаўлены прадстаўнік ХАМАС Усама Хамдан. Сярод патрабаваньняў ХАМАС — вывад усіх ізраільскіх сіл, якія знаходзяцца ў сэктары Газа, свабоднае перамяшчэньне палестынцаў і дапамога ў аднаўленьні тэрыторыі.
- Увосень Ізраіль пачаў буйную вайсковую апэрацыю ў сэктары Газа ў адказ на напад чальцоў ісламісцкіх груповак, уключаючы ХАМАС, на поўдзень краіны 7 кастрычніка. Ахвярамі тэракту сталі больш за 1200 чалавек, звыш 250 — узяты ў заложнікі. Падкантрольнае ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы сьцьвярджае, што за некалькі месяцаў баявых дзеяньняў былі забітыя больш за 36 тысяч палестынцаў, многія з якіх — гэта цывільныя асобы.