Сваё падсумаваньне выбарчага працэсу Павел Лібер апублікаваў у Facebook.
На думку распрацоўніка, выбары — гэта «ўнікальны сусьветны выпадак і прыклад да якога імкнецца куча стартапаў пра DAO або Network State. Яшчэ раз для тых, хто не зразумеў — беларусы і беларускі стварылі сусьветны прэцэдэнт онлайн-выбараў з выкарыстаньнем самых перадавых сусьветных падыходаў — гэта разумеюць назіральнікі, партнэры, аўдытары, якія ў захапленьні ад таго, што мы зрабілі».
І гэта ўсё, піша Павел Лібер, пры «прамым супрацьдзеяньні беларускага рэжыму».
Сама плятформа, паводле яго, «распрацоўвалася амаль 1,5 года, пад саму Новую Беларусь, большай часткай за свае грошы, але ўсё роўна з прыцягненьнем партнэрскіх/донарскіх сродкаў. Ізаляванасьць дадзеных, інфармацыйная і кібэрбясьпека правяраліся аўдытарамі, іх працу аплачваў партнэр для незалежнасьці працэсу».
Павел Лібер падзякаваў за падтрымку і партнэрства кібэрпартызанам і пералічыў праблемныя моманты, сярод якіх абмежаваньне перавыпуску лічбавага id і транзакцыя ў блокчэйн, якая магла займаць да хвіліны і ў выпадку разрыву сувязі чалавеку нельга было прагаласаваць нанова.
Выбары у Каардынацыйную раду трэцяга складу прайшлі 25–27 траўня. У галасаваньні прынялі ўдзел 6723 чалавекі. Яны галасавалі за адзін з 11 выбарчых сьпісаў.
Мандаты разьмеркаваліся наступным чынам:
- Каманда Латушкі і рух «За Свабоду» — 28 мандатаў
- Блёк Пракоп’ева-Ягорава — 13 мандатаў
- «Еўрапейскі выбар» — 8 мандатаў
- «Незалежныя беларусы» — 8 мандатаў
- «Моладзевы наступ» — 8 мандатаў
- «Наша справа» — 6 мандатаў
- «Воля» — 6 мандатаў
- «Хопіць баяцца» — 3 мандаты
Блёкі «Голас дыяспар — адзінства над межамі», «Краіна для жыцьця» і «Салідарнасьць» не пераадолелі трохадсоткавы бар’ер.
Што такое Каардынацыйная рада
- Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
- Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
- 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
- На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
- ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
- Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
- Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
- Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.
- З 25 па 27 траўня адбыліся выбары ў ІІІ скліканьне Каардынацыйнай рады. Яны праходзілі онлайн з дапамогай праграмы шыфраваньня зьвестак.
- Напярэдадні выбараў за рассылку падпісантам чат-боту «Перамога» з гонкі зьнялі сьпіс «Закон правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. Скандал пачаўся ня толькі праз падобны сродак агітацыі, але і праз тое, што апавяшэньні прыходзілі людзям, якія даўно заблякавалі або выдалілі бот, што магло падставіць людзей, якія жывуць у Беларусі.
- У сьпісе Розы Турарбекавай «Наша справа» ў апошні момант адбыліся вымушаныя зьмены. Пасьля зьняцьця са сьпісу дзьвюх жанчын кіраўніца аб'яднаньня мусіла выкрэсьліць са сьпісу і двух паплечнікаў-мужчын, каб адпавядаць гендарным квотам, уведзеным на выбары. Сам сьпіс раскрытыкаваў факт гендарных квотаў.