Зь Беларусі зьехаў экс-вядоўца АНТ і «Беларусь 1» Сяргей Казловіч. Ён звольніўся яшчэ ў 2020 годзе, але да нядаўняга часу заставаўся ў краіне. Ягоны пост у Instagram пра эміграцыю заўважылі журналісты «Зеркала».
«Так, сябры, гэта здарылася. Яшчэ адзін адшчапенец паляцеў шукаць сабе прытулак. Усьміхаюся, бо яшчэ абавязкова ўбачымся! Як бы цяжка ні было гэта ўявіць сёньня... Адно відавочна — гэта было справай часу, і кожны з нас трываў, як мог, — напісаў журналіст.
У камэнтарах ён напісаў, што зьбіраецца жыць у сталіцы Славаччыны Браціславе.
Пасьля сыходу зь дзяржаўнага тэлебачаньня ўладкаваўся ў «Беларускі народны банк» і пачаў весьці свой YouTube-канал «Не па тэліку», дзе публікаваў інтэрвію са шматлікімі вядомымі ў Беларусі людзьмі: экс-кандыдаткай у прэзыдэнты Тацянай Караткевіч, шоўмэнам Яўгенам Булкам, сьпявачкай Іскуі Абалян ды іншымі.
Апошнія два гады Сяргей Казловіч вядзе сацыяльныя сеткі па-беларуску, а ў лютым 2022-га выступіў супраць вайны ва Ўкраіне.
- Калега Казловіча па АНТ Дзьмітры Семчанка, які ўзначальваў прэзыдэнцкі пул журналістаў, у сакавіку 2023 году быў прызнаны вінаватым паводле 130 артыкула Крымінальнага кодэксу — за «падбухторваньне да іншай сацыяльнай варажнечы» і асуджаны да 3 гадоў зьняволеньня, ягоная апэляцыйная скарга выніку не дала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 32 за кратамі, 33 прызналі «экстрэмістамі», а 12 — «тэрарыстамі». Лічбы пра перасьлед беларускіх журналістаў у 2023 годзе