Амэрыканская кампанія Open AI на сваім афіцыйным сайце паведаміла пра блякаваньне двух расейскіх сетак уплыву, якія выкарыстоўвалі ChatGPT для стварэньня кантэнту і камэнтароў, піша «Настоящее время».
Першую сетку ў кампаніі назвалі Bad Grammar. Яна дзейнічала ў асноўным у Тэлеграме і была накіраваная на Ўкраіну, Малдову, краіны Балтыі і ЗША. Людзі, якія стаяць за гэтай сеткай, як адзначаецца, выкарыстоўвалі мадэль штучнага інтэлекту для стварэньня Тэлеграм-бота і кароткіх палітычных камэнтароў на расейскай і ангельскай мовах, якія потым публікавалі ў тэлеграме.
Другая сетка ўплыву, вядомая з 2022 году як Doppelganger, выкарыстоўвала Chat GPT для стварэньня камэнтароў на ангельскай, францускай, нямецкай, італьянскай і польскай мовах, якія потым публікавалі ў Твітары і на сайце 9GAG, а таксама для перакладу і рэдагаваньня артыкулаў на ангельскай і францускай мовах, стварэньня загалоўкаў і рэрайтынгу артыкулаў навінаў для публікацыі ў Фэйсбуку.
Выданьне «Вот Так» нядаўна апублікавала дасьледаваньне, прысьвечанае дэзінфармацыйнай кампаніі Doppelganger. У ім гаворыцца, што ў рамках гэтай кампаніі сотні ботаў у Твітары (цяпер сацсетка называецца X) і Фэйсбуку распаўсюджваюць тэксты, выявы і відэа з прарасейскімі наратывамі. Адным з самых папулярных інструмэнтаў распаўсюду дэзінфармацыі і крамлёўскай прапаганды зьяўляюцца старонкі, якія цалкам капіююць арыгінальныя навіновыя выданьні. Так, для ўкраінскай аўдыторыі артыкулы публікавалі на клёнах трох вядомых украінскіх сайтаў: УНІАН, «Обозреватель» і «РБК-Україна».
Газэта The Washington Post раней пісала, як Doppelganger працуе на амэрыканскую аўдыторыю. У прыватнасьці, паводле зьвестак выданьня, боты ў рамках кампаніі спрабавалі нагнятаць страх на тэму бясьпекі амэрыканскіх межаў, узмацняць міжрасавае і эканамічнае напружаньне ў грамадзтве, а таксама падтрымліваць ізаляцыянізм у ЗША.
У цэлым Open AI (амэрыканская навукова-дасьледчая арганізацыя, якая займаецца распрацоўкамі ў галіне штучнага інтэлекту) за апошнія тры месяцы спыніла пяць таемных апэрацыяў уплыву. Апроч двух расейскіх, былі заблякаваныя кітайская, іранская і ізраільская сеткі. «Паводле стану на травень 2024 году, гэтыя кампаніі, мяркуючы па ўсім, не дасягнулі значнага павелічэньня ўцягнутасьці або ахопу аўдыторыі ў выніку выкарыстаньня нашых паслуг», — гаворыцца ў справаздачы кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фальшывыя «знакамітасьці» з крытыкай Украіны: новая тактыка крамлёўскіх прапагандыстаў