Байдэн абнародаваў новы плян па спыненьні агню ў сэктары Газа

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн агучыў новы плян па спыненьні агню ў сэктары Газа і вызваленьні ізраільскіх закладнікаў. Ён заклікаў палестынскую групоўку ХАМАС, прызнаную тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ, прыняць гэтую прапанову. Паводле Байдэна, катарскія пасярэднікі ўжо перадалі гэтую прапанову ХАМАС.

Плян складаецца з трох этапаў. Першы, які працягнецца 6 тыдняў, уключае поўнае і канчатковае спыненьне агню, вывад ізраільскіх войскаў з усіх населеных раёнаў сэктару Газа, вызваленьне шэрагу ізраільскіх закладнікаў у абмен на вызваленьне сотняў палестынскіх зьняволеных. Таксама сем’ям павінны вярнуць целы некаторых забітых закладнікаў.

«Палестынскія мірныя жыхары вернуцца ў свае дамы ва ўсіх раёнах сэктару Газа, у тым ліку на поўначы. Гуманітарная дапамога павялічыцца: 600 грузавікоў будуць дастаўляць дапамогу ў Газу кожны дзень», — перадае словы Байдэна The Times of Israel.

Другі этап прадугледжвае канчатковае спыненьне баявых дзеяньняў. На гэтым этапе будуць вызваляць астатніх закладнікаў, а ізраільскія вайскоўцы пакінуць сэктар Газа.

«Нарэшце, на трэцім этапе пачнецца маштабны плян аднаўленьня Газы, і апошнія парэшткі забітых закладнікаў вернуць іх семʼям», — заявіў Байдэн.

Прэзыдэнт ЗША дадаў, што ў Ізраіля заўсёды будзе права бараніцца ад пагрозаў. «Калі ХАМАС ня выканае свае абавязацельствы па дамове, Ізраіль можа аднавіць ваенныя апэрацыі. Але Эгіпет і Катар запэўнілі мяне, што працягваюць працаваць над тым, каб ХАМАС не рабіў гэтага», — адзначыў ён.

Пасьля выступу Байдэна офіс прэмʼер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньяху выпусьціў заяву, у якой гаворыцца, што Нэтаньяху ўпаўнаважыў перамоўную групу прадставіць ХАМАС умовы новага пагадненьня. Пры гэтым з заявы незразумела, ці ідзе гаворка менавіта пра тое пагадненьне, пра якое казаў Байдэн.

Перамовы аб спыненьні агню пры пасярэдніцтве Эгіпту, Катару і іншых краін неаднаразова заходзілі ў тупік, прычым абодва бакі абвінавачвалі адзін аднаго ў адсутнасьці прагрэсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ХАМАС упершыню за 4 месяцы абстраляў цэнтральную частку Ізраілю, у Тэль-Авіве гучала паветраная трывога
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удар па на мірных жыхарах у Рафаху стаў «трагічнай выпадковасьцю», заявіў прэмʼер Ізраіля