Былы прэзыдэнт Манголіі заклікаў арыштаваць Лукашэнку падчас яго візыту ў гэтую краіну

Цахіагійн Элбегдорж

1 чэрвеня пачынаецца афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Манголію.

Былы прэзыдэнт і прэм'ер-міністар Манголіі Цахіягійн Элбэгдорж на просьбу беларускага палітычнага камэнтатара Дзьмітрыя Балкунца выказаў у сацсетцы Х сваё стаўленьне да гэтага візыту.

«Дыктатар-ізгой імкнецца прасунуць крамлёўскі праект. Уціснуць «аазіс дэмакратыі» і падштурхнуць Манголію да паўнапраўнага сяброўства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Краіна стаіць перад важнымі парлямэнцкімі выбарамі ў чэрвені гэтага году. Ленінісцкая партыя Манголіі і прэм'ер-міністар Оюун-Эрдэнэ адчайна спрабуюць утрымаць уладу. Нішто не зьяўляецца супадзеньнем».

Парлямэнцкія выбары ў Манголіі адбудуцца 28 чэрвеня. На іх будуць спаборнічаць кіроўная Народная партыя, прадстаўнік якой Луўсанамсрайн Оюун-Эрдэнэ ўзначальвае ўрад, і Дэмакратычныя партыя, да якой належыць экс-прэзыдэнт Элбэгдорж.

Былы прэзыдэнт Манголіі апублікаваў у Х яшчэ адзін пост — з заклікам арыштаваць Лукашэнку ва Ўлан-Батары.

«Паведамляецца, што Лукашэнка прыбудзе ва Улан-Батар. Манголія зьяўляецца ўдзельніцай Рымскага статуту і мае судзьдзю ў Міжнародным крымінальным судзе. Чакаецца прыбыцьцё асобы, якая ўчыніла злачынствы супраць чалавечнасьці. Спадзяюся, што адпаведныя меры будуць прынятыя. Перад міжнароднай супольнасьцю Манголія выканае свае юрыдычныя абавязаньні. Перамога справядлівасьці стане сусьветнай падзеяй, і гэта прынясе Манголіі добрую рэпутацыю».


У лютым сёлета Цахіягійн Элбэгдорж зьедліва адрэгаваў на заяву Ўладзімера Пуціна ў інтэрвію Такеру Карлсану пра тое, што большая частка Ўкраіны належала Расейскай імпэрыі.


Экс-прэзыдэнт Манголіі ў сетцы Х вывесіў мапу імпэрыі Чынгісхана, у якую уваходзіла ладная частка тэрыторыі сучаснай РФ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-прэзыдэнт Манголіі пасьля інтэрвію Пуціна Карлсану паказаў «гістарычную мапу» сваёй краіны