У 2023 годзе ў суды паступіла больш за 60 тысяч спраў паводле ч. 2 арт. 10.1 КаАП (нанясеньне пабояў, якое не пацягнула за сабой прычыненьня цялесных пашкоджаньняў, наўмыснае прычыненьне болю, фізычных або псыхічных пакут, учыненыя ў дачыненьні да блізкага сваяка, чальца сямʼі або былога чальца сямʼі, або парушэньне ахоўнага прадпісаньня), паведаміла прэс-служба Вярхоўнага суду.
За такое правапарушэньне прадугледжаны штраф у памеры да 10 базавых велічыняў (400 рублёў), грамадзкія працы ці адміністрацыйны арышт.
Хатні гвалт адбываецца за зачыненымі дзьвярыма, а ахвяры часта не заяўляюць пра гэта, зазначыў судзьдзя Вярхоўнага суду Дзьмітры Ўлога ў этэры праграмы «Актуальны мікрафон» 1 канала Беларускага радыё.
Пры гэтым ён выказаў меркаваньне, што ўзмацняць жорсткасьць заканадаўства ў гэтай сфэры ня варта:
«Як судзьдзя Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь я ня стану выступаць за ўзмацненьне адказнасьці за хатні гвалт».
Судзьдзя ВС выказаў меркаваньне, што ў Беларусі склалася «дастаткова збалянсаваная практыка як прызначэньня пакараньняў і спагнаньняў за такія злачынствы і правапарушэньні, так і збалянсаванае ўзаемадзеяньне дзяржорганаў у гэтай сфэры».
Паводле дадзеных МУС, штогод фіксуецца каля 80 тыс. паведамленьняў пра хатні гвалт. На прафіляктычным уліку стаіць 21 тысяча чалавек, якія прымянялі гвалт дома.
21 сакавіка 2023 году Аляксандар Лукашэнка на пашыранай нарадзе з прадстаўнікамі сілавога блёку заявіў, што трэба «выкарчоўваць з грамадзтва самымі жорсткімі мэтадамі» гвалт над жанчынамі і дзецьмі.
Паводле яго слоў, барацьба з гэтай зьявай павінна стаць такой жа, як барацьба з тэрарызмам. Пры гэтым з прычыны атакі дзяржавы на не зьвязаныя з уладамі няўрадавыя арганізацыі ў краіне не засталося ні адзінай інфармацыйнай лініі для ахвяраў хатняга гвалту, ні грамадзкіх арганізацый, якія б ім дапамагалі.
У Беларусі няма закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Такі дакумэнт распрацоўваўся некалькі разоў. У кастрычніку 2018 году чарговы варыянт рэзка скрытыкаваў Лукашэнка, назваўшы яго «дурнотай, узятай найперш з Захаду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьбіваў, душыў, вырываў вейкі. Менчуку за працяглы хатні гвалт над жонкай прысудзілі «хатнюю хімію» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казахстане вынесльлі вырак экс-міністру Бішымбаеву за забойства жонкі. Што выкрыў гучны працэс